Міжнародныя эксперты прызналі, што Скрыпаляў атруцілі "Навічком"
Эксперты Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) прыйшлі да высновы, што перабежчыка з ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію атруцілі расійскім нервова-паралітычным рэчывам "Навічок". Такім чынам, яны пацвердзілі ранейшыя звесткі брытанскіх экспертаў.
"Узоры, сабраныя камандай АЗХЗ, пацвярджаюць высновы Брытаніі аб прыродзе таксіну, які выкарыстоўвалі ў Солсберы", — гаворыцца ў заяве арганізацыі, якую цытуе Бі-Бі-Сі.
Эксперты АЗХЗ сцвярджаюць, што ўзоры, сабраныя экспертамі арганізацыі, былі выключна чыстымі і амаль не ўтрымлівалі дамешкаў.
Назва "Навічок" у заяве АЗХЗ не згадваецца. Таксама эксперты гэтай арганізацыі не назвалі магчымую краіну паходжання рэчыва, бо гэта не ўваходзіла ў іх задачы.
Між іншага, АЗХЗ выпусціла яшчэ адзін, засакрэчаны даклад наконт атручання Скрыпаляў. Ён перададзены ў распараджэнне ўсіх краін-чальцоў арганізацыі. Расія, дарэчы, з'яўляецца чальцом АЗХЗ.