МНС назвала прычыны пажару ў кабельным калектары ў цэнтры Мінску
Прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях распавяла падрабязнасці пажару ў кабельным калектары ў цэнтры Мінску.
Незадоўга да 6-й гадзіны раніцы мінак паведаміў ратавальнікам пра загаранне ў калектары па вуліцы Няміга, 3. На месцы здарэння ратавальнікі пабачылі, што з люка калектара ішоў дым сярэдняй канцэнтрацыі.
Высветлілася, што ў калектары загарэлася ізаляцыя сілавых кабеляў. Пацярпелых пры здарэнні няма.
Пажар быў ліквідаваны ў 9.20 пасля адключэння напружання. Агонь пашкодзіў 15 пагонных метраў кабеляў. Паведамляецца, што ў многіх раёнах Мінска адсутнічае доступ да кабельнага тэлебачання. Таксама фіксуюцца праблемы з доступам да інтэрнэту ў некаторых правайдараў.
МНС паведамляе, што абаненты гарадскіх тэлефонных сетак і карыстальнікі оптавалаконных ліній сувязі пераводзяцца на рэзервовыя маршруты, наяўнасць пашкоджанняў ўдакладняецца.
Асноўнай версіяй прычыны пажару называецца кароткае замыканне сілавога кабеля.
Фота: МНС