МУС абяцае не пераследаваць шараговых карыстальнікаў "пірацкіх" праграмаў
Прадстаўнікі МУС заяўляюць, што папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс не азначаюць пагалоўнага пераследу шараговых карыстальнікаў неліцэнзійнага праграмнага забеспячэння. Пра гэта перадае БЕЛТА са спасылкай на афіцыйную газету МУС "На страже".
Папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях набылі моц 4 красавіка. Яны датычаць парушэнняў у галіне аўтарскага права.
Як паведаміў намеснік начальніка першага аддзела першага кіравання ГУБЭЗ крымінальнай міліцыі МУС Аляксандр Пагоскі, міліцыя не збіраецца лавіць і штрафаваць ледзь не ўсіх запар за выкарыстанне пірацкага кантэнту. Пры выкарыстанні торэнт-трэкераў якія-небудзь санкцыі могуць быць прынятыя толькі з падачы праваўладальнікаў, якія заявяць аб парушэнні сваіх правоў.
"Наогул новая рэдакцыя арт.9.21 КаАП накіраваная не на барацьбу з шараговымі спажыўцамі пірацкага кантэнту, а на стварэнне ў Беларусі ў адпаведнасці з агульнасусветнай практыкай спрыяльных умоваў для абароны правоў аўтараў або трымальнікаў патэнтаў", — піша міліцэйскае выданне.