МВФ патлумачыў, чаму Беларусь — бедная краіна

МВФ патлумачыў, чаму Беларусь — бедная краіна

Рост беларускай эканомікі мусіць адбывацца не праз дырэктыўнае крэдытаванне, а падвышэннем эфектыўнасці вытворчасці. Пра гэта на Кастрычніцкім эканамічным форуме заявіў старшы пастаянны рэгіянальны прадстаўнік Еўрапейскага дэпартамента МВФ Бас Бакер.

"Беларусь — бедная краіна не таму, што тут нізкі ўзровень інвестыцыяў ці занятасці. Калі параўнаць з краінамі Заходняй Еўропы, дык выявіцца, што тут вытворнасць нашмат ніжэйшая", — распавёў прадстаўнік фонда.

Па словах Бакера, галоўная праблема Белрусі — неэфектыўнае выкарыстанне дзяржаўных рэсурсаў. Але ўзяць і закрыць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы нельга.

"Страты дзяржаўных прадпрыемстваў фінансуюцца з бюджэта, што пакідае менш сродкаў на іншыя выдаткі, ці шляхам дырэктыўнага крэдытавання, што вядзе да падвышэння інфляцыі, — працягнуў Бас Бакер. — Але трансферы і пералічэнні проста так спыніць нельга, бо прадпрыемствы не змогуць плаціць работнікам і вяртаць крэдыты, што створыць праблемы для банкаўскага сектара. Прадпрыемствы неабходна рэфармаваць. А паралельна павялічыць сацыяльную падтрымку хатніх гаспадарак".

У кароткатэрміновай перспектыве рэформы могуць быць балючымі, але адсутнасць рэформаў прывядзе да яшчэ большых выдаткаў. Таму МВФ выступае ў абарону рэфармавання эканомікі і "падтрымлівае аказанне дапамогі краінам, якія пачалі праводзіць рэформы". "Я шчыра спадзяюся, што мы зможам дапамагчы Беларусі", — рэзюмаваў Бас Бакер.

Беларусь ужо працяглы час спрабуе атрымаць ад Міжнароднага валютнага фонда крэдыт у памеры 3 млрд долараў. Пасяджэнне Савета дырэктараў МВФ, на якім можа быць узнятае пытанне аб гэтым крэдыце, адбудзецца ў снежні 2016 года або ў студзені 2017 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі