МВФ рэкамендуе Беларусі заняцца рэформай дзяржаўных прадпрыемстваў

МВФ рэкамендуе Беларусі заняцца рэформай дзяржаўных прадпрыемстваў

Міжнародны валютны фонд правёў чарговыя кансультацыі з уладамі Беларусі. Гаворкі пра новы крэдыт не было, але МВФ даў парады наконт беларускай эканомікі, перадае Радыё "Свабода".

Спецыялісты МВФ адзначылі, што эканоміка нашай краіны аднавілася пасля двух гадоў рэцэсіі. На гэта паўплывалі пэўныя захады ў эканамічнай палітыцы, а таксам больш спрыяльныя вонкавыя ўмовы і рост унутранага попыту. Адзначаецца рост валавога ўнутранага прадукту пасля двух гадоў падзеньня і запаволенне інфляцыі да рэкордна нізкіх тэмпаў.

Разам з тым у МВФ звяртаюць увагу на "забалансавыя" аперацыі з сектарам дзяржаўнага кіравання, будаўніцтвам АЭС ды інш. Праз гэта бюджэт мае сумарны дэфіцыт у 3% ВУП.

Як вядома, беларускія ўлады плануюць, што ў наступным годзе дзяржаўная запазычанасць складзе 44,5% ВУП. Аднак МВФ прагназуе, што дзяржпазыка (разам з недзяржаўнай, але "гарантаванай дзяржаваю") вырасце да 55% ВУП.

У высновах МВФ адзначаецца, што рэструктурызацыя дзяржсектару ў Беларусі ідзе паступова і "на пілотнай аснове". Гэта перашкаджае агульнаму росту прадукцыйнасці працы, спрыяе захаванню фактараў уразьлівасці эканомікі на адносна высокіх узроўнях. Выканаўчыя дырэктары МВФ раяць беларускім уладам скарыстацца момантам для паскораных і паглыбленых рэформаў у рэальным сектары, у тым ліку ў сектары дзяржпрадпрыемстваў. Таксама прапануюцца рэформы ў прыватным сектары, для якога трэба прыбраць перашкоды на таварным рынку і рынку працы.

У іншым разе прагноз сярэднетэрміновай перспектывы для Беларусі выглядае не вельмі добраю У нашай краіне фіксуецца неспрыяльная дэмаграфічная дынаміка, слабыя ўмовы крэдытавання і адставанне ў канкурэнтаздольнасці эканомікі, збудаванай вакол дзяржсектару. Праз гэта тэмпы эканамічнага росту абмяжуюцца 2%, а інфляцыя застанецца вышэйшай за суседнія краіны — да 5%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі