"Мы не перастанем змагацца за нашых герояў" — Ціханоўская пра прысуд "вясноўцам"
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч / https://twitter.com/Tsihanouskaya
Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд праваабаронцам "Вясны" Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу, агучаны ў Мінску 3 сакавіка. Яны асуджаны на тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі.
"Ганебны прысуд Алесю, Валянціну і Уладзіміру — гэта помста рэжыму за іх стойкасць, — напісала палітык у Twitter. — Помста за салідарнасць. Помста за дапамогу іншым. Дзесяць гадоў для нобелеўскага лаўрэата [Алеся Бяляцкага] ясна паказваюць, што такое рэжым Лукашэнкі. Мы не перастанем змагацца за нашых герояў".
Палітвязні знаходзяцца за кратамі з лета 2021 года. Іх прызналі вінаватымі ў "кантрабандзе арганізаванай групай" і "фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Сваёй віны яны не прызналі. Вядома, што іх пераследуюць за дапамогу рэпрэсаваным беларусам.
Нават на абвяшчэнні прысуду рукі Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча былі ў кайданках за спінай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.