"Мы не просім свет змагацца за нас. Дапамажыце нам" — Ціханоўская ў Давосе
Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе щзяла ўдзел у дыскусіі, прысвечанай аднаўленню Украіны пасля вайны. Падчас дыскусіі зайшла гаворка і пра праблемы Беларусі, эканамічныя і палітычныя. Абмяркоўвалася і пытанне пра спосабы барацьбы з дыктатурай Лукашэнкі. Святлана Ціханоўская адзначыла, што "барацьба з тыраніяй – гэта не нейкая лакальная бітва, якая тычыцца толькі Украіны ці Беларусі, гэта глабальная бітва". На яе думку, "даць адпор дыктатуры – абавязак кожнай краіны". Дыктатары пачынаюць супрацоўнічаць адзін з адным, ствараюць кааліцыю, у тым ліку і для барацьбы з дэмакратычным светам.
“І якая рэакцыя дэмакратычнай супольнасці? "Мы стаміліся!", — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Яна лічыць, што аслабіць рэжым Лукашэнкі магла б палітычная ізаляцыя і прыцягненне да адказнасці яго і ягоных памочнікаў. Акрамя таго лідарка беларускіх дэмакратычных сіл казала пра дапамогу, якую маглі б даць заходнія краіны беларусам, якія выступаюць супраць рэжыму.
"Мы не просім свет змагацца за нас. Дапамажыце нам выйграць гэтую вайну. Нам патрэбна ваша дапамога", — сказаў падчас дыскусіі Святлана Ціханоўская.
Напярэдадні, у першы дзень працы Сусветнага эканамічнага форуму, у Давосе адбылося таксама спецыяльнае мерапрыемства, прысвечанае Беларусі. Яго арганізавала дэлегацыя Грэцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.