Мы ўсё адно павінны перамагчы. (Не)футбольны рэпартаж пад гербам "Пагоня"
Аляксандр Івулін / Еўрарадыё
"Якая цудоўная гульня! — напісаў нам чытач Еўрарадыё з Беларусі пасля нядаўняй перамогі ФК "Пагоня Варшава" над польскай камандай "Victoria Zerzeń". — 5:0! Я глядзеў трансляцыю і радаваўся, як дзіця. А якія заўзятары! Столькі сцягоў! Схадзіце на наступны матч 16 жніўня".
16 жніўня 2020-га ў Беларусі прайшоў самы вялікі марш, на які выйшлі тысячы чалавек. Тысячы БЧБ-сцягоў луналі тады ў паветры або ахіналі плечы мірных грамадзян, якія марылі жыць у свабоднай краіне. Праз тры гады многія з іх сядзяць на трыбунах стадыёна ў Варшаве і чакаюць, калі пачнецца матч ФК "Пагоня Варшава" з польскай "Варсовіяй", за якую калісьці гуляў цяпер ужо капітан нацыянальнай зборнай Роберт Левандоўскі.
Некаторыя сталі ў чаргу на ўваходзе, дзе былы галерэйшчык і арганізатар выстаў Зміцер Папоў прадае гарачыя TrzyRogi і хатні ліманад.
— Ну як, пайшоў бізнес? — пытаюся ў Змітра, назіраючы, як маленькі хлопчык з задавальненнем уплятае тоўсты пірог, начынены мясам і бульбай.
— Развіваемся. Прыемна, калі клічуць на такія мерапрыемствы. Куды не езджу, мае TrzyRogi разлятаюцца вельмі хутка. Хацелася б часцей працаваць на розных фудкортах.
Лідзія з Украіны: “Як можна усіх лічыць ворагамі?”
Што адразу кідаецца ў вочы, дык гэта колькасць дзяцей, якіх бацькі прывялі на стадыён. Пакуль футбалісты размінаюцца на полі, дзятва распачала матч з дарослымі побач з трыбунамі.
— Хто болей галоў забіў — сын ці бацька? — цікаўлюся ў адной мамы.
— Ну вядома ж сын!
Пакуль мы знаёмімся, малеча забівае гол яшчэ раз.
У Польшчу разам з мужам Лідзія прыехала з Данецка яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны. Кажа — пашанцавала, бо іншыя сваякі выбрацца ўжо не змаглі.
— Што прывяло вас на матч?
— Мой муж — фанат футбола. У яго шмат знаёмых тут гуляюць за беларускую каманду, а мы прыехалі іх падтрымаць.
— Вы ведаеце, чаму ў Польшчы столькі беларусаў? Што адбывалася ў нашай краіне ў 2020-м?
— Я не надта разбіраюся ў палітыцы і разумею, што маё слова нічога не значыць. Пра пратэсты ў Беларусі ведаю і, вядома, суперажывала. Шкада народ — звычайных людзей, якія хочуць жыць спакойна і мірна, але пакутуюць ад таго, што адбываецца. Людзьмі кіруюць, і яны нічога не могуць зрабіць, людзей шкада — усюды. Хто б ні быў…
— Вось вы — украінцы. Прыйшлі заўзець за нашу каманду. А як жа размовы, што з беларускага боку ў бок Украіны ляцяць ракеты, таму беларусы — ворагі? Сапраўды так?
— Не, вядома ж. Гэта памылковая думка. Ну як можна усіх лічыць ворагамі? Вораг — гэта той, хто ўзяў у рукі зброю. А той, хто прыйшоў падтрымліваць звычайных людзей без зброі, без злосці, без негатыўных каментароў — не. Я добра стаўлюся да беларусаў і да некаторых рускіх тут таксама. Калі яны 15 гадоў жывуць у Еўропе, яны ні пры чым. Калі яны мэтанакіравана з'ехалі з Расіі шмат гадоў таму, значыць на тое былі прычыны. Усіх раўнаваць пад адзін грэбень? Думаю, гэта няправільна. Так, хтосьці думае інакш, але, як па мне, сёння трэба неяк больш разборліва ставіцца да людзей.
— Ведаеце, што многія беларусы ваююць за Украіну?
— Так, ведаю. А ёсць яшчэ людзі, якія проста дапамагаюць. Мне часта трапляюцца відэа ў TikTok, дзе беларусы кажуць, што будуць падтрымліваць сваіх братоў-украінцаў. Гэта пахвальна. Добра, што ў людзей розум застаўся. Я супраць, каб людзі бралі ў рукі зброю. Калі б не бралі, можа ўсё б скончылася. Склаў бы адзін зброю — склаў бы і другі…
Аляксандр: “Беларусы, як і ўсе астатнія людзі, вельмі розныя”
Назіраць за эмоцыямі беларускіх заўзятараў у Польшчы шалёна цікава, хоць і крыху сумна. Пасля знаёмства з гульцамі, матч пачынаецца... пад старадаўнюю музыку дуды, на якой грае лідар гурта Lity Taler Дзяніс Шматко.
— Проста нейкі сюр, быццам бы мне гэта сніцца, — чую знаёмую ўсім фразу ў сябе за спіной.
І праўда, некаторы час гледачы практычна ў цішыні сочаць за гульнёй, быццам не вераць уласным вачам, што беларуская каманда зноў на полі. Потым крыкі заўзятараў становяцца больш упэўненымі і гучнымі. У перапынку з калонак на ўвесь стадыён грымяць "Тры чарапахі". Пасля перапынку тэмп спартсменаў на полі паскараецца. У паветры — напружанне. Здаецца, вось-вось і родныя беларусы заб'юць палякам гол, але... усё адбываецца наадварот.
— Гэта ж пасля ўсіх рэпрэсій... няўжо вам было не страшна?
— Мне было не страшна, — усміхаецца беларуска яшчэ дабрэй. — Я марыла, што мы ўсе выйдзем і на гэтым усё скончыцца. У Беларусі выйшла шмат людзей, але нічога не скончылася. Было сумна, але мы працягвалі змагацца.
— Як было тады на вуліцах?
— Я не з Мінска, а з маленькага гарадка, таму ў нас выйшла толькі каля 100 чалавек. Быў імпэт, было выдатна. Усе былі адзін за аднаго, ці што. Потым за мяне канкрэтна ўжо ўзяліся, але я ні пра што не шкадую.
— Як узяліся?
— Спачатку прыглядаліся, што раблю. Потым прыходзілі на працу, прасілі супакоіцца. Палохалі тым, што дачка застанецца адна і яе забяруць у дзіцячы дом, што няма каму будзе яе выхоўваць, таму што я гадую яе без мужа. Але я не з палахлівых, таму ішла далей. Дырэктар пабаяўся за свой бізнес і папрасіў звольніцца; потым былі нейкія падпрацоўкі, яшчэ я хавалася... Калі на мяне завялі адміністрацыйку, паспрабавала абскардзіць, але тады завялі крыміналку. Мне давялося хутка з'ехаць.
— Як вы рэагуеце на палітычныя звады?
— Не хачу іх слухаць і разбірацца, што там адбываецца. Прыйдзе час — мы ўсе даведаемся праўду. Я працягваю падтрымліваць беларусаў, калі ёсць магчымасць — хаджу тут на акцыі.
— Атрымалася знайсці працу?
— Не адразу. І на складах падзарабляла, і ў начны час, практычна кругласутачна…
— Беларусы перамогуць?
— Ну вядома. Я веру кожны дзень. Мы ўсё роўна павінны перамагчы. Нас шмат!
P.S. — Хлопцы, малайцы! Вы ўсё роўна пераможаце! — хорам крычаць беларусы нашым футбалістам, якім 16 жніўня не надта пашанцавала ў матчы з "Варсовіяй", але адназначна пашанцавала з камандай заўзятараў.
У канцы матча спартсмены выходзяць да сваіх гледачоў і дзякуюць ім за падтрымку. Усе абдымаюцца і ўсміхаюцца адзін аднаму — амаль як тады, 16 жніўня 2020 года.
— Ты так выдатна абараняў вароты! Як мяркуюць многія заўзятары, ты сёння лепшы гулец, — лаўлю на выхадзе брамніка Ягора Шыка, які сапраўды ўразіў усіх сваёй гульнёй і ўдарамі, ад якіх мяч ляцеў на іншы канец поля.
Аказваецца, падчас бліскучай мінулай гульні з "Victoria Zerzeń" спартсмен атрымаў траўму, адчуваў сябе не дужа добра, але ўсё роўна выйшаў на поле.
Так пераможам…
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.