Мясніковіч: Пасылкі з замежжа абвалілі беларускі гандаль
Ацэначны кошт пасылак з таварамі з-за мяжы, якія замаўляюцца праз інтэрнэт-крамы, наўмысна заніжаецца. З такой заявай напярэдадні выступіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, за першае паўгоддзе 2015-га жыхары Беларусі атрымалі 4 млн 400 тысяч пасылак з таварамі з-за мяжы.
"Яны ацэньваюцца ў $5, $10… Хаця насамрэч фактычны кошт зусім іншы, таму бюджэт недаатрымлівае падатак на даданую вартасць, пошліны", — цытуе словы Мясніковіча БЕЛТА.
Мясніковіч нагадаў, што прапаноўваў увесці ПДВ на такія пасылкі з таварамі, але яго не падтрымаў Нацбанк, які спаслаўся на тэхнічныя праблемы. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэслівае, што тавары, набытыя беларусамі за мяжой праз інтэрнэт-крамы абвалілі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасці.
Як паведамляла Еўрарадыё, учора Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі вырашыў перанесці на пачатак снежня разгляд пытання пра новыя зборы на пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах. Плануецца істотна знізіць бязмытны парог. У Расіі ён на сённяшні дзень складае тысячу еўра, у Беларусі — толькі 200. Прапануецца вызваліць ад мытных плацяжоў тавары, якія танней 22 еўра і важаць менш за 1 кілаграм. Пры перавышэнні нормы трэба будзе плаціць збор.
Аднак катэгарычна супраць новаўвядзення выступіў Казахстан. А вось Беларусь яго падтрымлівае, піша расійскае выданне “Коммерсант”.
Фота: Fotolia. belta.by