МЗС нагадаў беларусам, што паездкі ў Крым пагражаюць адказнасцю ва Украіне
Міністэрства замежных спраў нагадвае беларусам, а таксама турыстычным арганізацыям, што пры планаванні адпачынку за мяжой ім трэба ўлічваць умовы транзіту, уезду-выезду, а таксама знаходжання ў тым месцы, куды яны накіроўваюцца.
Пра гэта паведаміў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык на брыфінгу 17 сакавіка, адказваючы на пытанне пра Крым. Журналісты запыталіся ў яго, ці будзе МЗС папярэджваць турыстаў пра адказнасць перад Украінай за ўезд у Крым праз Расію. Нагадаем, што ў 2009-2010 гадах МЗС папярэджвала пра адказнасць перад Грузіяй за наведванне Абхазіі.
Па словах Мірончыка, у 2014-2015 гадах МЗС неаднаразова інфармавала нашых суайчыннікаў пра ўмовы, якія заканадаўства Украіны вызначыла для ўезду ў Крым замежных грамадзян. "Пры планаванні паездкі ў Крым у сезон 2016 года неабходна зыходзіць з таго, што ўезд-выезд на паўвостраў пры следаванні транзітам праз тэрыторыю мацерыковай Украіны з турыстычнымі мэтамі не падаецца магчымым", — падкрэсліў дыпламат.
Калі ж беларусы паедуць у Крым праз Расію, то ім могуць адмовіць ва ўездзе на тэрыторыю Украіны, а то і прыцягнуць іх да адміністратыўнай адказнасці ў адпаведнасці з украінскім заканадаўствам.