На "Беларуськаліі" адбыўся стыхійны страйк мантажнікаў
На першым рудаўпраўленні ААТ "Беларуськалій" 12 красавіка адбыўся стыхійны страйк. Паводле інфармацыі Беларускага незалежнага прафсаюза, работнікі трэста "Раммантажбуд" адмовіліся выконваць сваю працу. Яны незадаволеныя зніжэннем заробкаў.
Па словах супрацоўніка трэста Сяргея Баброва, які ўдзельнічаў у сходзе, за год заробкі знізіліся ў два разы: "Я ў сакавіку 2016 года зарабляў 1400 рублёў, сёння — 710. Людзі сёння пачалі абурацца, кажуць: як жыць далей? Атрымалі па 280 рублёў, а трэба крэдыты выплачваць — за што жыць? Такога ніколі не было!"
На сход рабочых прыбыў дырэктар трэста Вячаслаў Курбыка, які заявіў, што няма такога падзення заробкаў, пра якое кажуць рабочыя. Па словах удзельнікаў сходу, ён пагражаў, што на іх месцы прыйдуць іншыя падрадчыкі, і тады ўсе застануцца без працы, і ён у тым ліку.
Паведамляецца, што сход доўжыўся дзве гадзіны. Падтрымку яго ўдзельнікам выказалі работнікі з іншых рудаўпраўленняў.
Кіраўніцтва прапанавала правесці 13 красавіка перамовы з прадстаўнікамі ад працоўнага калектыву.