На экс-амбасадара Астапенку завялі крымінальную справу

Уладзімір Астапенка​
Уладзімір Астапенка​

Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненні да экс-амбасадара Беларусі ў Аргенціне Уладзіміра Астапенкі. Зроблена гэта па выніках разгляду матэрыялаў, якія паступілі з МЗС.

— Устаноўлена, што падазраваны шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі завалодаў 2393 далярамі ЗША, што па курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь склала 6077 рублёў, якія выкарыстаў у асабістых мэтах, — распавядаюць у Генпракуратуры падрабязнасці крымінальнай справы.

У Генпракуратуры дадаюць, што Астапенка нанёс шкоду амбасадзе.

— У сувязі з гэтым Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненні да Астапенкі В. А. па ч. 1 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, арганізацыю папярэдняга расследавання якой даручыла цэнтральнаму апарату Следчага камітэта.

Уладзімір Астапенка — адзін з самых вопытных беларускіх дыпламатаў, на дыпслужбе ён з 1985 года. За ўвесь час яго працы ні МЗС, ні праваахоўныя органы не мелі да Астапенкі ніякіх прэтэнзій.

У адстаўку амбасадар падаў 23 верасня — у дзень "тайнай інаўгурацыі" Аляксандра Лукашэнкі. У пачатку лістапада дыпламат далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі