На Лукашэнку падалі заяву ў польскую пракуратуру — за генацыд
Адвакацкае бюро Томаша Вілінскага ў Варшаве падало ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы заяву аб падазрэнні ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасці. Падазраванымі называюцца Аляксандр Лукашэнка, а таксама яшчэ каля 20 чалавек, у тым ліку беларускія сілавікі — Іван Церцель, Мікалай Карпянкоў, Дзмітрый Балаба ды іншыя. Пра гэта паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Заява заняла 160 старонак. Да яе прыкладзеныя "10 тысяч старонак дакументаў, якія датычаць фактаў злачынстваў у сувязі з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі з ЕС, і 30 тысяч старонак дакументаў, якія датычаць злачынстваў, учыненых у дачыненні да беларусаў, а таксама замежных грамадзян", пералічвае Латушка.
Згадваюцца факты пераследу беларусаў па моўнай прыкмеце, а таксама па прыкмеце выкарыстання гістарычнай бел-чырвона-белай сімволікі.
Дзеянні уладаў супраць грамадзян Ірака кваліфікуюцца як генацыд.
У ліку злачынстваў супраць чалавечнасці, у якіх падазраецца Лукашэнка і яго саўдзельнікі, пералічваюцца наступныя:
"— злачынствы супраць польскай меншасці;
— тэрарыстычны акт, звязаны з захопам самалёта;
— пагрозы лідарам беларускіх дэмакратычных сіл;
— палітычныя забойствы, якія здзейснілі прадстаўнікі рэжыму".
Польскі адвакат Вілінскі спасылаецца на артыкул 113 Крымінальнага кодэкса Польшчы. Гэты артыкул дазваляе праводзіць разборы супраць замежных грамадзян, якія пражываюць за мяжой, калі гэта выцякае з міжнародных дамоваў, міжнароднага права і Рымскага статута аб стварэнні Міжнароднага крымінальнага суда. Яго адвакацкае бюро плануе да канца студзеня 2022 года падаць заяву па фактах злачынстваў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.