На Магілёўшчыне знайшлі памежныя камяні Кіеўскай Русі (фота)
Яны былі знойдзены ў вёсцы Усохі Слаўгарадскага раёна ў аднаго з мясцовых жыхароў.
Мужчына знайшоў камяні, калі змагаўся з быльнікам каля сваёй хаты і выставіў іх у імправізаванай алеі, пры гэтым пафарбаваў у яркія колеры.
Сенсацыйную знаходку зрабілі выпадкова студэнты пад кіраўніцтвам аспіранта інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Аляксея Аўласовіча, якія даследвалі паблізу вялікі курганны могільнік, паведамляе “ТРК Магілёў”.
Праязджаючы праз вёску Усохі яны прыпыніліся, каб папіць вады і заўважылі, што яркая фарба на каменнях нанесена паверх старажытных сімвалаў, якія былі выбіты на іх. На каменнях быў знак князя Уладзіміра "Чырвонае Сонейка".
Магілёўскі археолаг Ігар Марзалюк лічыць, што выява на камянях датуецца Х стагоддзем і фактычна азначае ўмоўную мяжу Кіеўскай Русі. Менавіта ў той час радзімічаў прымусілі плаціць даніну кіеўскаму князю Уладзіміру. На гэтым месцы мог быць як цэнтр збору даніны, так і пагост з камянямі над могілкамі княжых дружыннікаў.
Фота — tv.tvrmogilev.by