На мітынг за годную працу ў Мінску прыйшло каля 70 прафсаюзных актывістаў

На мітынг за годную працу ў Мінску прыйшло каля 70 прафсаюзных актывістаў

7 кастрычніка ў мінскім парку Дружбы народаў адбыўся мітынг, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы за годную працу. Акцыю зладзіў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сталічныя і рэгіянальныя актывісты прафсаюзаў — членаў БКДП, сярод якіх Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў і Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці. Як перадае БелаПАН, на мітынг таксама прыйшлі лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін. Але яны не выступалі на мітынгу, а трымаліся збоку.

Прафсаюзныя актывісты расцягнулі транспаранты і плакаты з надпісамі "Разам за годную працу! Разам за годнае жыццё!" "Усім працоўным — годны заробак", "Кантракт — пятля для рабочых" і г.д.

У гэтым годзе Сусветны дзень барацьбы за годную працу адзначаецца пад лозунгам "Скончым са сквапнасцю карпарацый". У сваёй прамове старшыня БКДП Аляксандр Ярашук адзначыў, што ў Беларусі карпарацыяў няма, але ёсць дзяржава: "Дзяржаўны капіталізм, у якім мы жывем, яшчэ больш агідны, чым той капіталізм, які мы назіраем у свеце, бо ён не пакідае ні аднаго шанцу для працоўнага чалавека. Калі казаць аб прынцыпах і нормах годнай працы, то мы канстатуем, што яны сёння беларускімі ўладамі не забяспечваюцца".

Па словах Ярашука, кіраўніцтва беларускай дзяржавы дагэтуль не стварыла годныя ўмовы працы на шматлікіх прадпрыемствах. Ён звярнуў увагу, што не адбываецца мадэрнізацыя прадпрыемстваў, мноства людзей гіне і калечыцца на вытворчасці. Ярашук зазначыў, што ў Беларусі прагрэсуе беспрацоўе і "дэградуе працоўнае заканадаўства", абцяжаранае шэрагам дэкрэтаў, якія значна ўскладнілі ўмовы працы.

Фота: gazetaby.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі