На саміце G7 абмеркавалі ўкраінскі крызіс
Лідары краін "Вялікай сямёркі" сустрэліся ў сераду ўвечары ў Брусэлі. Галоўная тэма саміту — сітуацыя ва Украіне.
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран сказаў, што чакае ад "Вялікай сямёркі" рашучай падтрымкі Украіны і закліку да Расіі шукаць дыпламатычнае вырашэнне канфлікту.
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель папярэдзіла, што Расію чакаюць новыя санкцыі, калі яна не спыніць свае дзеянні па дэстабілізацыі сітуацыі на ўсходзе Украіны, перадае ВВС.
Лідары G7 прынялі заяву, у якой паведамляюць, што гатовыя ўвесці новыя санкцыі супраць асобаў і арганізацыяў, якія парушаюць суверэнітэт і цэласнасць Украіны. Яны заклікалі афіцыйную Маскву пайсці на перамовы з Кіевам, адвесці войскі ад украінскай мяжы і спыніць падтрымку баевікоў ва Усходняй Украіне.
Фота — PA