На Турцыю абрынуліся моцныя снегапады — у Стамбуле выпала 65 см снегу
Моцныя снегапады абрынуліся на Турцыю. Яны паралізавалі Стамбул, дзе выпала каля 65 см снегу. Паводле інфармацыі ВВС, толькі авіякампанія Turkish Airlines адмяніла 610 рэйсаў. Усяго ў міжнародных аэрапортах Стамбула адменена болей за 800 авіярэйсаў.
Каля 20 тысяч пасажыраў чакаюць вылету ў аэрапорце імя Атацюрка.
Берагавая ахова прыпыніла рух суднаў, якія выходзяць і ўваходзяць праз праліў Басфор — гэта адна з найбольш загружаных марскіх артэрыяў у свеце.
Прыпыненыя таксама паромныя перавозкі паміж еўрапейскай і азіяцкай часткамі Стамбула.