На выбарах у Грузіі перамагла партыя ценевага кіраўніка краіны
1 лістапада ў Грузіі праходзяць пратэсты. Нагодай для іх сталі вынікі выбараў у парламент краіны. Апазіцыя заяўляе аб фальсіфікацыях.
Па выніках экзіт-пулаў, у кіруючай партыі “Грузінская мара” быў 41% галасоў, але ж пазней улады заявілі аб 48%. Гэтая розніца прынцыповая, таму што ў першым выпадку партыя не змагла б фарміраваць урад без кааліцыяў, а з большым вынікам яна зможа быць манапалістам і далей.
— Гэта былі не выбары, гэта была вайна. Мы плануем выступіць супраць прысваення ўлады “Грузінскай марай”, — заявіў адзін з лідараў створанага Міхаілам Саакашвілі “Адзінага нацыянальнага руху“ Ніка Мелія.
Днём 1 лістапада ў Тбілісі і некаторых іншых гарадах Грузіі пачалі збірацца пратэстоўцы. Яны заклікаюць да новых выбараў.
Так, днём перакрыты праспект Руставелі — галоўная вуліца Тбілісі. Шмат людзей сабраліся каля будынку парламенту. Прысутнічаюць лідары амаль усіх апазіцыйных партый, а былы прэзідэнт Саакашвілі, супраць якога ў Грузіі распачата крымінальная справа, ужо заявіў аб гатоўнасці вярнуцца ў краіну.
— Ад сёння мы будзем збірацца кожны дзень, пакуль не даможамся новых выбараў, — заявіла на акцыі апазіціянерка Саламэ Самадашвілі.
Паліцыя пакуль не ўмешваецца, пратэст на дадзены час носіць мірны характар.
Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі раней назвала прайшоўшыя выбары “мірнымі, справядлівымі, бяспечными і дэмакратычными”. Пра пратэсты яна пакуль што не выказвалася.
“Грузінская мара” была створана ў 2012 годзе алігархам Бідзінам Іванішвілі, якога называюць ценевым кіраўніком краіны. Тады ж яна атрымала большасць месцаў у парламенце. Менавіта кіруючая партыя збірае ўрад, які па сутнасці і з'яўляецца галоўным органам улады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.