Над Кіевам уначы збілі шэсць расійскіх "Кінжалаў"
Атака па Кіеве / Reuters
У ноч на 16 траўня Кіеў перажыў самую масіраваную ракетную атаку. За кароткі прамежак часу расіяне выпусцілі па горадзе максімальную колькасць ракет, у тым ліку балістычных, кажуць у Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі.
Як паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны, Украіну атакавалі 18 ракетамі розных тыпаў паветранага, марскога і наземнага базавання: "З шасці самалётаў МіГ-31к было выпушчана шэсць аэрабалістычных ракет Х-47м2 "Кінжал", 9 крылатых ракет "Калібр" — з караблёў у Чорным моры і тры ракеты наземнага базавання (С-400, "Іскандэр-М"). Усе 18 ракет знішчаныя сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны паветраных сіл УС Украіны".
Раней расіяне сцвярджалі, што гіпергукавыя ракеты "Кінжал" збіць немагчыма.
Таксама Залужны паведаміў, што расійскія войскі задзейнічалі ўдарныя дроны тыпу Shahed-136/131 і праводзілі паветраную разведку трыма беспілотнікамі аператыўна-тактычнага ўзроўню — "Арлан-10", Supercam.
Абломкі збітых ракет зваліліся ў пяці раёнах Кіева. Найбольш пацярпеў ад іх Саломенскі раён: там загарэлася нежылое памяшканне і некалькі аўто. Пацярпелі тры чалавекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.