Надзея Астапчук ужо бегае кросы і наведвае трэнажорную залу
Зорная штурхальніца ядра чакае хуткага рашэння па сваёй дыскваліфікацыі.
У канцы жніўня-пачатку верасня камісія з Міністэрства спорту, Федэрацыі лёгкай атлетыкі і Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва павінны вырашыць пытанне наконт тэрміна дыскваліфікацыі для Надзеі Астапчук. З пэўнай доляй верагоднасці можа стацца так, што абыйдзецца ўсё гадавым пакараннем. А значыцца ― з восені Надзея зможа прыступіць да трэніровак і спаборнічаць.
Надзея Астапчук: Ужо падтрымліваю агульнафізічную форму: бегаю і раз-два на тыдзень трэнажорка. А ядро на дадзены момант я не штурхаю ўвогуле. Чакаю, якое па мне будзе вынесена рашэнне. Камісію ўсё ніяк не маглі сабраць: нехта заняты, нехта не можа, нехта ў адпачынку. Другі месяц збіраюцца.
Еўрарадыё: У якім стане ваш трэнер? Атрымліваецца, яго адсунулі ад улюбёнай справы.
Надзея Астапчук: Як ён кажа, пачэсны пенсіянер. Не магу перадаць, што ў яго ў душы. Ён чалавек жыццялюбівы, на людзях не паказвае, што робіцца ўнутры. Наколькі ведаю, з Аляксандрам Мікалаевічам кансультуюцца замежнікі. Ён дагэтуль запатрабаваны спецыяліст, але не нашай краінай. Тыя, што цяпер у Беларусі працуюць, лічаць, напэўна, што разумеюць больш за такіх спецыялістаў.
Еўрарадыё: Зборная Беларусі без вас на чэмпіянаце свету глядзелася блякла...
Надзея Астапчук: Нічога надзвычайнага не здарылася. Гэту сітуацыю прагназавалі ў 2008 годзе ― пасля Алімпіяды ў Пекіне. Усё пачынала ўціскацца ў жорсткія межы. Трэнеры казалі, што пасля Лондана нічога ад нашай лёгкай атлетыкі не застанецца. Спартсмены старэлі, умовы пагаршаліся. Пра старых дасведчаных спецыялістаў забыліся, а новых не падрыхтавалі. Пачалі казаць, што патрэбны новыя атлеты. А дзе іх узяць? У нас чарга з гэтых новых людзей? На моладзевую Еўропу не хапае сабраць і завезці. Для пачатку патрэбна ўмовы стварыць, каб маладых падрыхтаваць. У нас сапраўды вялікія праблемы з персаналам: мала масажыстаў, няма доктара. Людзі працуюць, стамляюцца ― а кампенсаваць няма чым. Адсюль і праблемы з допінгам. Купілі амінакіслоты ― аказалася, што ў іх ёсць забароненае рэчыва. Таму што ўсё аддалі на адказнасць спартсмена.
Еўрарадыё: Апусцім сітуацыю з допінгам, але як вам удалося падрыхтавацца да Лондана, каб штурхнуць далей за ўсіх? Умовы былі не найлепшыя. Гэта што? Выязджалі на старых дрожджах?
Надзея Астапчук: Калі ўжо прыспічыла, даводзілася самой усё рабіць. Папрасіла мяне ўвогуле не чапаць. Знаходзіла людзей, якія дапамагалі, за мяжой. Трэнер камунікаваў з замежнымі спецыялістамі. Ён ― чалавек дасведчаны, у курсе новых методык, не сядзеў на запасах Савецкага Саюза. Праглядалі відэа, удасканальваліся. У параўнанні з 2008 годам у мяне змянілася ўся падрыхтоўка. Вельмі шмат перагледзелі. Не трэніраваліся па зацёртым лісціку, калі робіш адное і тое ж цягам дзесяці гадоў. Штодня быў новы план. Было шмат спаборніцтваў, таму на буйных стартах не мела псіхалагічнага прэсінгу.
Еўрарадыё: Спадзяемся, вы хутка будзеце зноўку штурхаць ядро.
Надзея Астапчук: Калі ўсё будзе добра, я пастараюся ўсё зрабіць у найлепшым выглядзе.
Фота Дзіега Азубеля