Надзея Саўчанка адказала пісьменніцы Святлане Алексіевіч

Надзея Саўчанка адказала пісьменніцы Святлане Алексіевіч

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую судзяць цяпер у расійскім Данецку, завочна адказала пісьменніцы Святлане Алексіевіч.

Сёлетняя нобелеўская лаўрэатка давала інтэрв'ю, у якім арышт украінскай лётчыцы назвала выкраданнем і запатрабавала вызваліць Саўчанка. Дзеянні ўкраінскага войска яна назвала абаронай радзімы. Алексіевіч заявіла: "Калі я падпісвала тэкст ліста, то ўспомніла знакаміты здымак, на якім Пуцін паказаны верхам на кані — напаўголы, торс такі магутны. І вось я думаю: ну як гэта ўжываецца з тым, што мужчына ваюе з жанчынай? З такімі моцнымі, цікавымі жанчынамі"

Вытрымкі з інтэрв'ю журналісты перадалі ўкраінскай лётчыцы. Саўчанка падзякавала пісьменніцы за стаўленне да яе самой і да Украіны, перадае Радыё "Свабода".

"Вялікі дзякуй за ўрывак з інтэрв'ю вялікай беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. У Расіі яе назвалі савецкай пісьменніцай, Парашэнка назваў украінкай, але яна дачка вялікага і годнага беларускага народа! Яна заслужыла права праславіць сваю Радзіму і сваю нацыю на ўвесь свет! І не трэба яе перахрышчваць, перацягваючы коўдру славы кожны на сябе. Я вельмі рада за гэтага чалавека і паважаю яе працу і творчасць. Я з ёй не знаёмая і, на жаль, пакуль не чытала яе кніг. Але ўжо замовіла іх у турму", — напісала Саўчанка ў лісце.

Каментуючы выказванні Алексіевіч пра Пуціна, украінская лётчыца заявіла, што "прасіць літасці ў поскудзі" яна не будзе. На думку Саўчанка, Пуцін ужо ёй прайграў, бо яна жанчына, а ён мужчына.

Надзею Саўчанка вінавацяць у дапамозе гібелі расійскіх журналістаў ВГТРК летам 2014 года, а таксама замаху на жыццё бежанцаў і незаконным перасячэнні мяжы. Саўчанка адмаўляе ўсе абвінавачванні і настойвае на тым, што яе незаконна вывезлі на тэрыторыю Расіі пры ўдзеле спецслужбаў.

Фота: svoboda.org

Надзея Саўчанка адказала пісьменніцы Святлане Алексіевіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі