Напярэдадні 70-гадовага юбілея стварэння ААН у Беларусі пасадзяць дрэва міру
У мінскім Лошыцкім парку прадстаўнікі ААН плануюць пасадзіць дрэва міру, паведаміў сёння, 19 кастрычніка, на адкрыцці памятнай дошкі аб дзейнасці першай гуманітарнай місіі UNRRA ў Беларусі ў пасляваенныя гады пастаянны каардынатар ААН Санака Самарасінха.
Дрэва міру плануюць пасадзіць 23 кастрычніка. Акцыя будзе сімвалізаваць ўсталяванне ўстойлівага развіцця. Пастаянны каардынатар выказаў спадзеў, што ў гэтай ініцыятыве зможа прыняць удзел Аляксандр Лукашэнка.
Сёння ж, на сядзібе-музеі ў Лошыцкім парку была ўсталявана памятная дошка. На ёй беларускай і англійскай мовмі напісана:
"У гэтым доме ў 1946-1947 гадах размяшчалася місія адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (UNRRA). Памятная дошка ўсталяваная ў 70-ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны і стварэння ААН, адна з заснавальніц якой — Беларусь".
Задачай UNRRA было аказанне эканамічнай дапамогі краінам Еўропы, а таксама рэпатрыяцыя і падтрымка бежанцаў у пасляваенны час, паведамляе БелаПАН.
На адкрыцці мемарыяльнай дошкі прысутнічалі дыпламаты Германіі, ЗША, Італіі, Кітая, Кыргызстана, Літвы, Малдовы, Швецыі, Эстоніі і іншых краін. А таксама кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. А таксама пастаянны каардынатар ААН у Беларусі.
Галоўнае фота: belta.by