"Народу Беларусі патрэбны выразны сігнал NATO" — прэзідэнты трох краін

"Не ядзернай зброі ў Беларусі!" /  ELTA
"Не ядзернай зброі ў Беларусі!" /  ELTA

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс заклікаюць генеральнага сакратара NATO і кіраўнікоў краін-удзельніц альянсу прыняць захады па супрацьдзеянні пагрозам, якія ўзнікаюць у сувязі з агрэсіўнымі дзеяннямі Расіі і зменамі сітуацыі ў Беларусі, паведамляе Delfi.

У іх лісце адзначаецца, што "супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю падрывае не толькі бяспеку рэгіёна, але і бяспеку еўраатлантычнай прасторы". Прыводзяцца факты, як размяшчэнне ў нашай краіне расійскай тактычнай ядзернай зброі "абвастрае сітуацыю ў кантэксце вайны ва Украіне і ўяўляе прамую пагрозу бяспецы".

Згадваецца і магчымае прыбыццё вагнераўцаў з Расіі ў Беларусь, што "будзе ўяўляць пагрозу палітычнай стабільнасці гэтай краіны", пагражаць кантролю над звычайнымі і ядзернымі ўзбраеннямі. Не выключаецца новая хваля міграцыйнага крызісу, адказнасць за які ўскладаецца на рэжым Лукашэнкі.

Прэзідэнты Польшчы, Літвы і Латвіі адзначылі, што беларускаму народу патрэбны выразны сігнал NATO пра тое, што бачанне дэмакратычнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, незалежнай ад Расіі і ўнутранай барацьбы ў Крамлі, важна для альянсу.

"Дзеянні, якія мы прапануем, не толькі павысяць бяспеку саюзнікаў, але і будуць адпавядаць дэмакратычным памкненням беларускага народа, — гаворыцца ў лісце. — Паслядоўнасць нашых дзеянняў павінна ўключаць: 1) перагляд ядзернага стрымлівання і яго адаптацыю да новай рэальнасці, 2) уключэнне звычайных пагроз, якія зыходзяць ад Беларусі, у працэс вайсковай адаптацыі альянсу, 3) своечасовае размяшчэнне боепрыпасаў і зброі на ўсходнім фланзу альянсу, 4) павелічэнне выдаткаў на абарону звыш 2 адсоткаў ВУП і ўвязка гэтага працэсу з прыярытэтамі NATO, 5) павышэнне ўстойлівасці саюзнікаў да гібрыдных пагроз".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі