"Наша драўніна рассылаецца па ўсім свеце". Як прадаюць "чарнобыльскі" лес
"Усе, Коля, нагаварыў ты сабе ўжо гадоў на пяць", ― жартуюць хлопцы з брыгады лесарубаў, пакуль мы размаўляем з іх начальнікам Мікалаем.
Коля ― памочнік ляснічага ў Хільчанскім лясніцтве, ён працуе ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку ўжо 21 год. Па нараўлянскіх мерках, нядрэнна ўладкаваўся ― зарплата з надбаўкамі за шкоднасць 510 рублёў, яшчэ пайкамі рублёў 120 выходзіць, апранаюць і абуваюць. Будзь воля Мікалая, ён бы нічога ў сваім жыцці не мяняў і праз гадоў дзесяць спакойна сышоў на пенсію. Праўда, памочнік ляснічага мала верыць у тое, што ўсё застанецца як раней. У бліжэйшы час плануецца адрэзаць значную частку тэрыторыі запаведніка і ўцягнуць яе ў гаспадарчы абарот. Што гэта будзе значыць для работнікаў, пакуль ніхто не ведае. Мікалай нічога добрага ад гэтай навіны не чакае:
"Калі мы выйдзем з зоны, то голая зарплата без надбавак будзе рублёў 300, хто за такія грошы будзе тут у радыяцыі працаваць?"
Мы знаходзімся на тэрыторыі радыяцыйнага запаведніка, на 63-м участку Нараўлянскага лясгаса. Звычайны сасновы лес, ніякіх рудых або злавесных дрэў. Тут складуюць толькі што высечаную на суседнім участку драўніну. Саспелая хвоя, дзелавая драўніна даўжынёй шэсць метраў. Лесарубы кажуць, што такая добра пойдзе на кругляк для будаўніцтва. Мікалай без пытанняў паказвае ўсе дакументы на дрэвы. Радыяцыйны фон на ўчастку вырубкі перавышае норму ў два разы, што для запаведніка, лічы, чыстыя месцы.
Перад высечкай участак правяраюць. Выбарачна бяруць тры дрэвы з гектара і праводзяць аналіз на цэзій ў лабараторыі. Калі знаходзяць нейкі бруд, то ўсё ўтылізуюць. На што мне далі дазвол, то я і раблю. Я ж не буду заганяць брудную драўніну, каб сесці ў турму. Былі выпадкі, калі лес даходзіў да мяжы, там яго правяралі і разварочвалі ўсю партыю. Але гэта было даўно і не ў запаведніку. Я, вядома, разумею, што адно дрэва можа назапасіць радыяцыю, а суседняе ― не. Рызыка ёсць заўсёды, але таму тут усё і правяраюць
Усе пробы драўніны вывучаюцца ў лабараторыі спектраметрыі і радыяхіміі навуковага аддзела запаведніка. Навукоўцы працуюць у будынку былога дзіцячага садка выселенай вёскі Бабчын. На сценах ― карты забруджванняў, на сталах ― горы папак са справаздачамі і камп’ютары-пенсіянеры. Загадчык лабараторыі Вячаслаў Забродскі унікліва выказвае сваё меркаванне наконт высечкі лесу ў запаведніку.
Пэўная хібнасць ёсць заўсёды. На мой погляд, я б абмежаваўся выкарыстаннем гэтай драўніны толькі ў самым запаведніку і нікуды яе не вывозіў. Верагоднасць таго, што забруджаная драўніна проста не патрапіць у выбарку для аналізу, застаецца заўсёды. У нас у Беларусі ёсць і больш чыстыя лясы
Вячаслаў Забродскі нават апублікаваў у часопісе "Прыродныя рэсурсы" артыкул на гэтую тэму. Аказалася, што з 2000 пробаў драўніны з гаспадарча-эспериментальной зоны запаведніка, дзе праводзяцца высечкі лесу, каля 50% былі забруджаныя цэзіем.
Па стронцыі ў Беларусі нормаў на драўніну няма, дрэва на яго не правяраюць. У Расіі норма па стронцыі 370 Бк/кг, ва Украіне 60 Бк/кг. А ў Беларусі ― проста няма нормаў.
Па выніках даследаванняў вучонага, ад 40 да 70% ўмоўна чыстай па цэзіі драўніны мае вялікае ўтрыманне стронцыю, якое перавышае нават даволі мяккія расійскія нормы. Напрыклад, калі ўжыць да нашай драўніны ўкраінскія нормы, то 85-100% таго, што высякае запаведнік, забруджанае стронцыем. Гэты элемент з'яўляецца бэта-выпраменьвальнікам і ўяўляе вялікую небяспеку для чалавека, ён больш мабільны за цэзій і лепш пранікае ў расліны. Па дадзеным як беларускіх, так і украінскіх навукоўцаў на цяперашні час процэс распушчання паліўных часціц толькі сканчаецца, што суправаджаецца трапленнем у глебу максімальнай колькасці мабільнага стронцыя-90. Такім чынам для атрымання чыстай прадукцыі на забруджанай тэрыторыі абраны не лепшы час.
Па выніках даследавання Забродскага, каля 80% попелу ад дрэў з запаведніка з'яўляецца радыеактыўнымі адходамі, якія трэба хаваць у спецыяльных магільніках.
У сваім даследаванні ён зрабіў выснову, што адсутнасць нармавання па стронцыі спрыяе пераносу радыеактыўнага стронцыю з забруджаных тэрыторый у чыстыя раёны і можа прывесці да некантралюемага ўнутранага апрамянення насельніцтва. Нягледзячы на такія засцярогі, у апошні час навукоўцаў ўсё часцей просяць абгрунтаваць неабходнасць нарошчвання аб'ёмаў гаспадарчай дзейнасці ў запаведніку.
У Хойніках у запаведніку ёсць свая лесапільня, куды адпраўляецца ўся драўніна з зоны. У тым ліку і тая, якую складавалі на 63-м участку. Ля ўваходу на тэрыторыю ў прыгожых альтанках ляжаць ўзоры прадукцыі. Цэны падпісаныя, купіць можа любы жадаючы. Начальнік участка эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці запаведніка Мікалай Варанецкі з гонарам паказвае дрэваапрацоўчыя станкі, каля акна ляжаць фігурныя ножкі будучага крэсла, побач сушыцца вагонка з дуба. Мікалай з энтузіязмам распавядае пра планы на пашырэнне вытворчасці і закупку новых больш магутных станкоў.
Цяпер зноў пачалі імпарт нашай прадукцыі, ужо грузім драўніну на Малдову, ёсць кантракты на Германію, на Літву. Усіх пакупнікоў мы выцягнулі сюды на месца, яны ўсё бачылі на свае вочы і засталіся задаволеныя. Вось, нашы літоўскія партнёры "Праслас" ацыліндраваную драўніну рассылаюць амаль па ўсім зямным шары. Тыя, хто валодае сыравінай, ніколі не будуць працаваць сабе на страту, таму што гэтая сыравіна вырасла сама па сабе.
Мікалай Варанецкі пераехаў у Хойнікі незадоўга да аварыі. Кажа, што ў душу запалі мясцовыя рэкі і азёры, таму вырашыў застацца тут жыць. Пасля аварыі на ЧАЭС Варанецкі удзельнічаў у ліквідацыі яе наступстваў. А пазней стаяў ля вытокаў стварэння запаведніка, быў яго першым дырэктарам. Але пасля абвінавачванняў у арганізацыі незаконнага палявання з верталёта для высокіх чыноўнікаў Варанецкі змяніў месца жыхарства і працы. Праз 14 гадоў новае кіраўніцтва дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС зноў запрасіла яго ўзначаліць гаспадарча-эксперыментальную дзейнасць.
"Мы пакуль не чапаем 30-кіламетровую зону, але ў мяне ёсць прапанова, узяць каштоўныя пароды дрэва, напрыклад, дуб, закласці ў праточны вадаём, і праз 15 гадоў гэта будзе залаты запас. Там жа такія дубровы, нават калі па нормах не праходзіць, праз 20-30 гадоў пройдуць. Мы гэта ўжо робім паволі, у нас дуброў узростам 110-140 гадоў больш за 500 гектараў, навошта ім стаяць і парахнець? Я гэты запаведнік ствараў і ведаю кожную сцежку і дарогу.
Радыяцыі не трэба баяцца, яе трэба паважаць.
Я не разумею, якая праблема дазволіць там трафейнае паляванне, я гэтых зуброў туды завёз ў 1996 годзе 15 штук, цяпер іх каля 160, за гэты час памерла па ўзросце больш за 20. Якая праблема прывезці буржуя каб ён за дзесяць тысяч еўра застрэліў гэтага зубра і забраў сабе трафей? Хімічная апрацоўка ўсё ў 300 разоў паменшыць. Запаведнік ― ён не запаведнік, таму што не ўнесены ў пералік асабліва ахоўных тэрыторый. У нас тут дзейнічае закон аб прававым рэжыме тэрыторыі. А дзе яшчэ людзям зарабляць?"
Паводле статуту Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, у ім забароненая гаспадарчая ці іншая дзейнасць, акрамя прыродаахоўных мерапрыемстваў, абслугоўвання інжынерных сетак, прадухілення пераносу радыенуклідаў, навукова-даследчай дзейнасці і эксперыментальных работ. Як продаж лесу з заказніка можа лічыцца гаспадарча-эксперыментальнай дзейнасцю, мы пастараемся высветліць ў наступных матэрыялах.
Атрымліваецца, што лес з заказніка можа патрапіць у любую кропку Беларусі і нават за яе межы. Мы паспрабавалі растлумачыць сітуацыю ў галіновага аператара Міністэрства сельскай гаспадаркі, які займаецца экспартам беларускіх лясных рэсурсаў.
"Еўрапейскі саюз не патрабуе ніякіх фіта-санітарных сертыфікатаў, гэтыя сертыфікаты патрабуе Расія, Украіна, Кітай. А ў Еўропы няма такіх патрабаванняў. Сам пакупнік можа запатрабаваць сертыфікат паходжання, радыяцыйны або фіта-санітарны сертыфікат. Але яны гэтага не запытваюць. Для Еўропы мы ў прынцыпе экспартуем лес, не даючы ім ні аднаго сертыфіката."
Каб канчаткова разабрацца, ці можа радыеактыўны лес патрапіць у іншыя краіны Еўропы, Еўрарадыё звязалася з Цэнтрам радыяцыйнай абароны Літвы. Яго дырэктар, Альбінас Мастаўскас, не здзівіўся нашым пытанням:
"Вы закранулі такое пытанне... Беларусь павінна ў сябе разабрацца і адказаць і вам, і нам. Мы гэта вельмі сур'ёзна абмяркоўвалі, калі ў попеле адной з нашых кацельняў знайшлі столькі цэзію, што яго можна прыраўноўваць да радыёактыўных адыходаў. Пра стронцый мы не кажам. Аказваецца, у апошнія гады, калі ў Літве стала папулярная драўніна ў якасці паліва, больш за 10-15% гэтага рэсурсу ўвозіцца з Беларусі. Едуць цэлыя эшалоны, таму што гэта танна. У нас норма па цэзіі на паліўную драўніну 30 Бк/кг, на будаўнічую драўніну ў Еўрапейскім саюзе нормаў няма ўвогуле."
"А ў вас розныя ведамствы ўсталявалі розныя крытэрыі: у Міністэрства аховы здароўя 740 Бк/кг, у міністэрства лясной гаспадаркі 300 Бк/кг, а для асобных выпадкаў 200. Мы будзем рады, калі вы гэтым артыкулам уздымеце пытанне, чаму ў вас такая блытаніна. Я размаўляў з паслом Беларусі пра тое, што ў вас няма таго, хто канкрэтна адказвае за гэтую праблему. Кожнае лясніцтва выдае свой дакумент. Нас не задавальняе, што той, хто вырабляе, сам жа выдае даведку, што прадукцыя не забруджаная. У асноўным, наша мытня кантралюе дакументы. Калі спрацоўвае адмысловая рамка, якая ўлоўлівае перавышэнне натуральнага фону, мы адбіраем пробы і ўсталёўваем наяўнасць цэзію.
Мы вярнулі назад не адну машыну з Беларусі, таму што колькасць цэзію была вышэйшай, чым у дакументах.
Я сказаў і міністру, і ўраду, што ёсць інфармацыя, што высякаюцца лясы ў забруджанай зоне. Мы не можам гарантаваць, што яно да нас не патрапіць. Мы не можам рызыкаваць, мы павінны ўвесці кантроль. Акрамя таго, у Літве шмат фірмаў займаюцца рээкспартам, і гэтая драўніна потым ідзе па ўсім свеце."