НАТА: Мы ніколі не нападзем на Расію

Добрыя адносіны з Расіяй стануць адным з ключавых пунктаў новай стратэгіі Паўночна-Атлантычнага альянса, якую генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн паабяцаў прадставіць у лістападзе 2010 года.

Палітыка дыялогу і супрацоўніцтва з Расіяй з’яўляецца для ўсіх сябраў Альянса найлепшай гарантыяй бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне, падкрэсліў Андэрс Фог Расмусэн 12 сакавіка на канферэнцыі ў Варшаве.

Андэрс Фог Расмусэн: “Я хацеў бы падкрэсліць:НАТА не з’яўляецца пагрозай для Расіі. І НАТА ніколі не нападзе на Расію. І НАТА ў сваю чаргу не лічыць Расію пагрозай для сябе. Таму новая расійская вайсковая дактрына не адлюстроўвае рэальнага стану рэчаў”.

Жаданне супрацоўнічаць з Расіяй і адабрэнне новай стратэгічнай канцэпцыі НАТА выказалі таксама польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі і міністр народнай абароны Польшчы Богдан Кліх. Аднак рэдактар часопіса “Расія ў глабальных адносінах” Фёдар Лук’янаў у размове з Еўрарадыё выказаў меркаванне, што падобныя планы не хутка стануць рэальнымі.

Фёдар Лук'янаў: “Ад словаў, што бакі гатовыя ісці на збліжэнне, да рэальнага стратэгічнага збліжэння заўсёды вельмі вялікая адлегласць. У Расіі дагэтуль НАТА ўспрымаецца як нешта варожае і несяброўскае. Уяўленні і ў Расіі, і на Захадзе вельмі моцна адстаюць ад рэчаіснасці. Ментальна людзі жывуць яшчэ ў той сітуацыі, калі пагроза ідзе з Захаду або з Усходу”.

НАТА ў сваю чаргу губляе свой сэнс і не можа сфармуляваць дакладных мэтаў на будучыню, лічыць Фёдар Лук’янаў. Сітуацыю ўскладняе яшчэ і розніца інтарэсаў паміж сябрамі Альянса. У такой няпэўнай сітуацыі паміж НАТА і Расіяй і прыходзіцца манеўраваць Беларусі.

Фёдар Лук'янаў:
“Усе краіны, якія знаходзяцца паміж двума вялікімі геапалітычнымі гульцамі, уключаючы Беларусь, прымушаныя да таго, каб манеўраваць, інакш не бывае. Аднак цяпер сітуацыя для манеўраў пагаршаецца тым, што ні адзін з бакоў не ведае, чаго хоча. І краіны паміж імі — як бы правісаюць. Цікавасць да іх паніжаецца. Асабліва гэта бачна на прыкладзе Ўкраіны”.

НАТА хацела б бачыць Расію “вайскова прадказальным” суседам, адзначыў польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі. Пакуль жа надзейным партнёрам Расію назваць цяжка, лічыць ён.
Радаслаў Сікорскі:Некаторыя вучэнні, якія Расія праводзіць побач з нашымі межамі не дае нам пачуццё, што Расія стала тым партнёрам, якога мы б хацелі бачыць”.
А вось у дамове Расіі з Францыяй аб продажы дэсантных караблёў класа “Магістраль” няма пагрозы, лічыць Андэрс Фог Расмусэн:
Андэрс Фог Расмусэн: “Гэта двухбаковая гандлёвая дамова паміж Расіяй і Францыяй. Мы ў гэта не ўмешваемся. Але я лічу, што гэтыя пастаўкі будуць ажыццяўляцца згодна з усімі міжнароднымі правіламі, а таксама што Расія ніколі не выкарыстае гэтага вайсковага абсталявання супраць сваіх суседзяў або кагосьці з альянтаў”.
Акрамя наладжвання адносін з Расіяй новая стратэгія НАТА павінна палепшыць супрацоўніцтва Альянса з структурамі ЕС, каб пазбегнуць дублявання праграм і структур, што асабліва важна ў сітуацыі недахопу фінансавых сродкаў.
Акрамя гэтага новая стратэгія, па словах Андэрса Фога Расмусэна, дапаможа НАТА эфектыўна адказваць на выклікі новага стагоддзя – кібератакі, пірацтва, тэрарызм і распаўсюджванне ядзернай зброі. 
Андэрс Фог Расмусэн: “Каб тэрытарыяльная бяспека была сапраўды надзейнай і эфектыўнай, трэба развіваць свае магчымасці адказваць на новыя пагрозы. Таму што яны не звяртаюць увагі на межы ў традыцыйным разуменні. Напрыклад, тэрарызм, гэта відавочна, што дзеянні тэрарыстаў маюць трансмежны характар. Тэрытарыяльная бяспека можа пачынацца і ў кіберпрасторы”.
Гэты і іншыя напрамкі дзейнасці вымагаюць больш спраўнага прыняцця рашэнняў у штаб-кватэры НАТА. Андэрс Фог Расмусэн паабяцаў зрабіць бюракратычны апарат у Бруселі больш эфектыўным. 
На думку генсака, Альянс не павінен быць сусветным паліцыянтам, які ўмешваецца ва ўсе магчымыя канфлікты. Тым не менш, Афганістан з’яўляецца для НАТА вельмі істотнай праблемай. Таму як мінімум бліжэйшыя некалькі гадоў натаўскія войскі па-ранейшаму там застануцца.
Андэрс Фог Расмусэн: Няма канкрэтнай даты вывядзення войскаў з Афганістану. Акурат наадварот, яны застануцца ў Афганістане настолькі доўга, колькі будзе трэба, каб выканаць нашу працу. Місія ў Афганістане скончыцца тады, калі жыхары гэтай краіны будуць у стане самі адказваць за бяспеку на сваёй тэрыторыі”.
Што тычыцца пашырэння НАТА на ўсход, то пазіцыя Альянса, выказаная на саміце ў Бухарэсце ў 2008 годзе, застанецца нязменнай. Андэрс Фог Расмусэн працягне палітыку “адчыненых дзвярэй”, аднак для ўступлення ў НАТА Ўкраіне і Грузіі усё роўна прыйдзецца спачатку выканаць неабходныя ўмовы.
Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі