Назіральніку — бацьку Кавальковай стала кепска на ўчастку, калі на яго накрычалі
Назіральніку Аляксандру Кавалькову стала кепска на ўчастку пасля таго, як на яго накрычалі чальцы выбаркама і "людзі ў цывільным". Пра гэта Радыё "Свабода" паведаміў сустаршыня аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
Кавалькова забрала хуткая дапамога. Раней мужчына перанёс два інфаркты.
Гэта бацька адной з сустаршыняў аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольгі Кавальковай.
Кавалькоў быў назіральнікам на ўчастку №409 у мінскай школе №151. Удзень адтуль выдалілі назіральнікаў ад БХД, якія заявілі пра выкрыццё "каруселяў" (паўторнага галасавання адных і тых жа людзей на розных участках) і спрабавалі сфатаграфаваць "падазраваных". На замену выдаленым і прыехаў Кавалькоў.
Па словах Рымашэўскага, кіраўніца камісіі і людзі, якія назваліся "назіральнікамі ад «Белай Русі»", накідваліся на Кавалькова, а адзін нават хацеў біцца. Ні сябры камісіі, ні міліцыянты не рэагавалі на паводзіны нападнікаў. Пасля гэтага назіральніку стала блага, і яму выклікалі медыкаў.
Самога Рымашэўскага і Дзяніса Садоўскага, давераных асобаў кандыдата Андрэя Шэмятаўца, таксама выдалілі з участку. Там не засталося незалежных назіральнікаў, але, мяркуючы па відэа, застаўся невядомы "чалавек у цывільным". Сябры БХД збіраюцца падаваць заяву ў міліцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.