“Не ведаю, як святкаваць дзень нараджэння сына, які супадае з днём смерці жонкі”

“Не ведаю, як святкаваць дзень нараджэння сына, які супадае з днём смерці жонкі”

Маленькаму Давіду хутка паўгода. Ён жыве ў Маладзечне разам з бацькам, бабуляй і дзядулем. 27 кастрычніка 2015 года яго мама, 23-гадовая Вікторыя, памерла адразу пасля родаў. А тата Ягор цяпер не ведае, як у будучым адзначаць дзень нараджэння хлопчыка, які супадае з днём смерці яго мамы.

"Яна была цалкам здаровая. За два гады, якія мы жылі разам, яна толькі аднойчы захварэла на ВРВІ. Цяжарнасць была ідэальнай. Яе картка ў паліклініцы была вось такой, — Ягор паказвае пальцамі таўшчыню ў пяць міліметраў. — Толькі медагляд. Усё".

Ягор і Вікторыя пазнаёміліся на вяселлі сяброў. Дзяўчына скарыла хлопца жыццярадаснасцю.

"Яна была рудзенькая і вёльмі вясёлая. Сапраўднае сонейка”, — узгадвае мужчына. Спачатку пара сустракалася, праз сем месяцаў пачалі жыць разам. А яшчэ праз год — пажаніліся. У жніўні 2016 года Ягор і Вікторыя святкавалі год сямейнага жыцця.

“Не ведаю, як святкаваць дзень нараджэння сына, які супадае з днём смерці жонкі”
Вікторыя паланіла Ягора сонечнай усмешкай

У кастрычніку, за два тыдні да родаў у Вікторыі ацяклі ногі. Яе паклалі ў радзільню ў аддзяленне паталогіі. Ягор кажа, што праз тры дні ацёк знялі. Усё было ў парадку. Але надыходзіў тэрмін родаў, таму жанчыну вырашылі не адпускаць дадому. За гэты час, перакананы Ягор, дактары мелі час узяць усе неабходныя аналізы ў жанчыны.

"Надоечы ўвечары яна аддала мне рэчы. Кажа: "Заўтра іду нараджаць". Яна на той момант крыху пераходжвала. Таму мусілі стымуляваць роды. Сказала не званіць, маўляў, ачуняе — набярэ. А палове на сёмую раніцы ёй пракалолі воды. А ў палове дзевятай мне патэлефанавалі і папрасілі прыехаць", — узгадвае мужчына з болем у голасе.

“Не ведаю, як святкаваць дзень нараджэння сына, які супадае з днём смерці жонкі”
Вокны маладзечанскай радзільні

Пасля трагедыі Ягор размаўляў са знаёмымі дактарамі. Яны бачаць сітуацыю такім чынам: дзяўчыне зрабілі пракол каляплоднага пузыра, але пры гэтым маглі нешта закрануць, пачалося кровацячэнне. Каб выратаваць дзіця, вырашылі рабіць кесарава. Увялі наркоз. Пачаў падаць ціск. Спынілася сэрца. Ягор упэўнены, што анафілактычны шок — адпіска.

"Я пісаў прэзідэнту і ў Мінздароўя. Чытаў статыстыку, што ў нашай краіне няма смяротнасці парадзіх. А мне напісалі, што Вікіна сітуацыя не падпадае пад катэгорыю "смерць пры родах". Дык у нас трэба памерці па нейкім госце, па нейкіх правілах, каб цябе ўнеслі ў статыстыку? Ці ўсё ж мы жывем у нейкай казцы? — абураецца Ягор. — Калі была камісія, нам сказалі, што Вікін выпадак — адзін на пяць мільёнаў. А тут не прайшло і паўгода, як другі, такі ж, у той жа радзільні. Ну, не можа гэта быць супадзеннем! Пры чым, кажуць, што дзяўчына, якая нядаўна памерла, была алергікам, і ў картачцы было гэта пазначана... Кажуць, яшчэ пасля смерці Вікі там такі вэрхал быў! Але людзям "зашылі" рот, каб маўчалі"... 

“Не ведаю, як святкаваць дзень нараджэння сына, які супадае з днём смерці жонкі”

У адказе на ліст Ягора Мінздароўя спасылаецца на Сусветную арганізацыю аховы здароўя:

“… Алергічная рэакцыя ў выглядзе анафілактычнага шоку з’яўляецца непрадбачанай прычынай паводле міжнароднай класіфікацыі хваробаў… і ў справаздачных формах, як мацярынская смяротнасць не прадстаўляецца… Фактаў халатнага стаўлення медыцынскіх работнікаў да сваіх абавязкаў падчас праверкі выяўлена не было”.

Едзем на могілкі да Вікторыі. Яны знаходзяцца ў дзесяці хвілінах язды ад дома, дзе сёння жывуць яе блізкія. Па дарозе Ягор распавядае, што ў справе жонкі шмат пытанняў. Па-першае, пасля таго, як яна памерла, не была выкліканая міліцыя, якая б зафіксавала смерць. Па-другое, ускрыццё рабілася ва ўласным моргу радзільні. Па-трэцяе, у некаторых бальнічных дакументах ёсць выпраўленні, іншыя паперы ўвогуле некуды зніклі.

“Не ведаю, як святкаваць дзень нараджэння сына, які супадае з днём смерці жонкі”
Ягор Мышук

“Недзе праз дзесяць дзён пасля смерці Вікі прыехала камісія з Мінздароўя, — узгадвае мужчына. — Выклікалі нас. Пайшлі я, брат Вікі, бацька і сябра сям’і — юрыст. 45 хвілін камісія выганяла юрыста! Ім не падабалася яго прысутнасць. Ён сышоў, бо бацьку ад гэтага ўсяго пачало рабіцца кепска. Сама размова заняла дзесяць хвілін. Сказалі, што дактары зрабілі ўсё магчымае, з іх бралі тлумачальныя. Яны спрацавалі прафесійна… Але чамусьці Вікі не стала”.

У снежні Ягор падаў скаргу ў пракуратуру Маладзечанскага раёна. Справу перадалі ў раённы Следчы камітэт, які ўзяў на экспертызу прэпарат, што быў уведзены Вікторыі. Экспертыза цягнецца… пяты месяц:

“Хоць спачатку сказалі, што на гэта патрэбны месяц… Мы хочам дачакацца ўсіх вынікаў, потым пойдзем у суд”, — распавядае Ягор.

Магілу Вікторыі цяжка не заўважыць — яна патанае ў вянках.

“Кажуць, што час лечыць. Нічога ён не лечыць, — уздыхае мужчына. — Гэта толькі частка вянкоў. Шмат чаго выкінулі ўжо. На пахаванне прыйшло чалавек 500…”

“Не ведаю, як святкаваць дзень нараджэння сына, які супадае з днём смерці жонкі”
Магіла Вікторыі і праз паўгода патанае ў кветках

Увесь вольны ад працы час Ягор праводзіць з сынам. Пакуль ён на працы, малога глядзіць маці Вікторыі. Ёй 54 гады і яна ўзяла дэкрэтны адпачынак. Сям’я дагэтуль не можа прыйсці ў сябе пасля гібелі дзяўчыны. Асабліва перажывае бацька: усё трымае ў сабе, ездзіць на могілкі ледзьве не штодня:

“Прабачэння ніхто з лекараў не прасіў. Спачуванні выказвалі і ўсё. Праўда, загадчыца аддзялення, доктар Наталля Свірыда часта наведвала дзіця, дапамагала парадамі, цікавілася, як справы некалькі першых месяцаў. Хлопчык, дзякуй Богу, здаровы. Пахрысцілі нядаўна ў касцёле… Што далей? Давіду споўніцца тры гады, пойдзем жыць у сваю кватэру. Яна тут, побач. Ужо садок яму знайшлі…”

“Не ведаю, як святкаваць дзень нараджэння сына, які супадае з днём смерці жонкі”
Тэхнічная пабудова насупраць маладзечанскай радзільні

Ягор не памятае, што адбывалася з ім у першыя гадзіны пасля таго, як паведамілі пра смерць Вікторыі. З таго моманту жыццё для яго страціла шматкаляровасць і стала прэсным.

“Ад страшных учынкаў мяне спыніла толькі тое, што жывым засталося дзіця. Маё жыццё сёння — гэта сын і праца. Вось і ўсё. З Вікай мы былі разам усяго два гады, але без яе быць я так і не навучыўся. Не магу да гэтага прызвычаіцца”.

Нагадаем, 5 красавіка ў радзільні Маладзечна здарылася яшчэ адна трагедыя, памерла 28-гадовая Кацярына. Па словах маці жанчыны, роды былі лёгкімі, дзіця і маці адчувалі сябе добра. Праз дзве гадзіны Кацярыне ўвялі антыбіётык, які выклікаў анафілактычны шок, у выніку якога яна памерла.

“Не ведаю, як святкаваць дзень нараджэння сына, які супадае з днём смерці жонкі”
Маладзечанская радзільня

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі