Незадоўга да смерці Васіль Быкаў ледзьве не патрапіў у аўтааварыю (фота)

Родная сястра пісьменніка Валянціна Уладзіміраўна распавяла пра славутага брата ў ягоны Дзень народзінаў Сёння аднаму з самых славутых беларускіх пісьменнікаў Васілю Быкаву споўнілася б 86 гадоў. На ягонай магіле ў Мінску адбылася жалобная цырымонія. А ў вёсцы Ваўчо пад Вушачамі жыве родная сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна. Мы наведалі разам з ёй іх родную з Васілём хату ў Бычках, Валянціна Уладзіміраўна ўспамінала іх з Васілём маленства, а таксама апошнія гады яго жыцця.

Валянціна Быкава:
“Мы з ім біліся часта. Ну вядома, дзеці — дурэць захочуць. А нас даглядала баба — была старая, сляпая, маміна свякроў, першага мужыка. Мама пойдзе на работу з бацькам — а яна нас глядзела. Сляпая, а нам з Васілём хочацца дурэць. Яна ляжыць на ложку, а мы возьмем венік, падбяжым, то Васіль, то я — і венікам па ёй: шась, шась!.. А яна стане сварыцца, дык мы ўцякаем хавацца пад ложак. А яна тады кійком б’е па ложку…”

На вокнах адбудаванай хаты-музея Васіля Быкава — фіранкі з… газеты! Высветлілася, што іх папрасілі выразаць менавіта Валянціну Уладзіміраўну — бо такія самыя яна  выразала тут 70 гадоў таму…

Валянціна Быкава: “Гэта я рабіла іх пасля вайны — дзе найду якую паперу, газеціну — дык навучылася выразаць такія. Купляць жа ж не было нічога такога… А мне Кірпіч (дырэктар музею — Еўрарадыё) кажа: “Дык ты зрабі такія самыя цяпер, як пасля вайны было” Ну я гэтак і зрабіла — з “Народнай волі”. Я ж яе выпісваю, а яна вялікая! Тут яшчэ нехта быў прыехаў і кажа: “Паглядзіце — занавескі з “Народнай волі”!

Штораз, калі Васіль Быкаў прыязджаў на малую радзіму, гасціў у Валянцінінай хаце, у вёсцы Ваўчо. Праўда, згадвае Валянціна Уладзіміраўна, некаторыя суседзі яго не дужа любілі, называлі “бэнээфаўцам”, казалі, што ён “прадаўся за зялёненькія”. Асабліва шчыраваў адзін сусед, які ўжо памёр.

Валянціна Быкава: “А яшчэ гэты быў жывы сусед. І адзін год я тут у агародчыку летам нешта рабіла, якраз быў чэрвень, дзень народзінаў Васіля. Якраз прыйшла паштальёнка — і пошту кладзе. А я кажу: “А ці ёсць там пра брата пра майго што ў раёнцы?” А ён якраз на дварэ і пачуў: “Глядзі ты, будуць успамінаць яго!.. Ён жа толькі ўцёк адгэтуль! Яму ж Беларусь гэтая не падабаецца, яму ж лепей за граніцай, яму ж там зялёненькія даюць, ён жа там піша для іх толькі!..." А я тады не вытрымала, паднялася — і не сваруся, але кажу: “А каб ты столькі пенсіі атрымліваў, колькі ён атрымлівае тых зялёненькіх!” Дык сціх і змыўся!”

Калі Быкаў прыязджаў, сусед пільна ўглядаўся ў ненавіснага “бэнээфаўца”. Калі Быкава падвозілі сюды сябры, то суседу падавалася, што Быкаў мяняе машыны як пальчаткі.

Валянціна Быкава: “Так не любілі Васіля… Як прыедзе, дыу той усё казаў: “Ужо на новай машыне, ужо яшчэ мусіць купіў — сколькі ў яго тых машын?..” Усё выглядаў. А сам усё жыццё не працаваў. Спачатку, яшчэ пасля вайны быў трактарыстам. А так — стаў брыгадзірам, дык усё жыццё брыгадзірам. А як з людзьмі… Цяпер, як памёр, дык яго ўсе праклялі!.. Дзе хто што возьме — ці травіну якую, ці бурак дзе які прынясе — той усё выглядае, і адразу бяжыць даносіць…”

Сястра народнага пісьменніка згадвае, што Васіль усё жыццё кіраваў аўтамабілем — машыны былі ягоным вялікім захапленнем: спачатку меў “Жыгулі”, пасля “Волгу”. Пад старасць перастаў сядаць за стырно. Але калі прыязджаў на малую радзіму, заўжды сядаў тут за стырно сам — хацелася асабіста ехаць па роднай зямлі”.

Валяціна Быкава:
“Адзін раз, помню, ехалі мы пры Вушачы. І Васіль, ну вядома ж ужо не такі зрок быў і слабы здароўем… На скрыжаванні стаяла такая загародка — дарожнікі нешта рабілі і паставілі. А Васіль, калі сюды прыязджаў, сам за руль адразу — ахвота яму было па сваёй Радзіме самому за рулём быць, дык ужо сам за руль ехаў тутака. І прама на гэтую, на перагародку — ледзьве не ўскочыў!.. Але хуценька Сяргей (сын Васіля) схапіў руль і павярнуў. Васіль сказаў: “Але ж, бачыш ты, старасьць, ужо не бачу ўсё добра…”


Валянціна Уладзіміраўна можа шмат распавесці пра славутага брата

Каля хаты-музею Васіля Быкава

Сястра і брат — на адзін твар

На малой радзіме — Вушаччыне: Рыгор Барадулін, Валянціна Быкава, Васіль Быкаў

У Дудутках разам з Рыгорам Барадуліным, 1996 год. Аўтамабілі заўсёды цікавілі і вабілі Быкава

З сынамі Сяргеем і Васілём

Здымак, які Васіль Быкаў даслаў Валянціне Уладзіміраўне з выгнання


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі