Незалежныя назіральнікі татальна “закрыюць” 11 выбарчых акругаў
Ці былі парушэнні падчас агітацыйнага этапу сёлетняй выбарчай кампаніі, што можа падштурхнуць БДІПЧ АБСЕ да прызнання парламенцкіх выбараў у Беларусі, як назіральнікі падрыхтаваліся да датэрміновага галасавання? Адказаць на гэтыя пытанні ў студыю Еўрарадыё завітаў каардынатар кампаніі назірання за выбарамі “Права выбару” Дзяніс Садоўскі.
Цалкам размову з Дзянісам Садоўскім можна паслухаць:
Самыя цікавыя цытаты з размовы:
Пасля ўнесеных у 2013 годзе зменаў у Выбарчы кодэкс практычна ўсе апазіцыйныя кандыдаты засталіся без сродкаў на агітацыю. А праўладныя кандыдаты карыстаюцца адміністрацыйнымі магчымасцямі і падтрымкай дзяржаўных прадпрыемстваў.
З-за адсутнасці сродкаў нават у Мінску агітацыйная кампанія праходзіць даволі квола. Моцных і яскравых кампаній адзінкі.
Арганізацыі і партыі вызначаюць аднаго, двух ці максімум трох кандыдатаў, на якіх канцэнтруюць усе высілкі. Усе іншыя кандыдаты праводзяць альбо фармальную кампанію, альбо не праводзяць увогуле.
Калі дэмакратычных кандыдатаў альбо не пускаюць у эфір БТ, альбо цэнзуруюць, альбо калі свае праграмы кандыдаты не могуць надрукаваць у газетах ― гэта факты, што сведчаць пра двайныя стандарты ў дачыненні да апазіцыйных кандыдатаў.
На кожнай выбарчай акрузе ёсць кандыдат-лідар ад улады, якога вядуць, якога падтрымліваюць БРСМ, Белая Русь і ўсе іншыя праўладныя арганізацыі.
Для БДІПЧ АБСЕ важныя тры моманты: допуск прадстаўнікоў апазіцыі ў склад выбарчых камісій, адсутнасць ці наяўнасць маніпуляцый з яўкай, калі людзей заганяюць на датэрміновае галасаванне, падлік ― каб кожны назіральнік бачыў кожную “птушку” ў кожным бюлетэні. Калі гэта будзе ― усё астатняе адыдзе на другі план і выбары будуць прызнаныя.
Кампанія “Права выбару” падрыхтавала 1511 назіральнікаў, якія зладзяць татальнае назіранне на 11 выбарчых акругах: ва ўсіх 5 абласных цэнтрах, у Мінскай абласной сельскай акрузе і на 5 сталічных акругах.
Найперш назіральнікі кампаніі “Права выбару” будуць фіксаваць яўку і падаваць звесткі аб ёй практычна ў онлайн-рэжыме.
Наша задача: сабраць усе факты парушэнняў і каб кандыдаты на гэтых акругах падалі скаргі аб непрызнанні выбараў праз як беларускія суды так і міжнародныя інстанцыі.