"Ноч музеяў" у Мінску (фотарэпартаж)
21 траўня ў Беларусі прайшла акцыя “Ноч музеяў”. Традыцыйна, большасць сталічных музеяў працавала да апоўначы. Але былі і выключэнні. Напрыклад, наведаць аўдыё-візуальны перфоманс “Прызма Урбанізма” у музеі Азгура можна было да пятай раніцы.
Магчыма таму, што за “Ноч музеяў” у Беларусі трэба плаціць (да 175 тысяч), натоўпу і чэргаў сёлета не назіралася. У асноўным людзі выбіралі адзін-два музеі і абыходзілі іх уздоўж і ўпоперак. Насычаная праграма лакацый толькі спрыяла гэтаму. Так, у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры можна было і музыку паслухаць, і ў мафію пагуляць.
Праграма “Ночы музеяў” у Літаратурным музеі Янкі Купалы сёлета тычылася 100-годдзя вянчання паэта і Уладзіславы Станкевіч. З гэтай нагоды тут сабраліся юбілейныя шлюбныя пары, якія “публічна” адзначылі і сваё свята.
У Археалагічным музеі “Верхні горад” сустракаліся воіны розных эпох і краін, перыядычна яны “біліся” і вучылі фехтаваць ўсіх жадаючых.
Нацыянальны мастацкі музей з нагоды акцыі задзейнічаў новы корпус, адкрыў, здаецца, усемагчымыя экспазіцыі, запусціў праекцыю з творамі Хруцкага і Бялыніцкага-Бірулі, зладзіў шэраг спектакляў, медытацый, гульняў і запрасіў у шоў як музыкаў-адзіночак, так і гурты кшталту “Нагуаля”, Chatte Noir, Tomato jam, Lumiere Tales.