N.R.M. запісвае альбом без Лявона Вольскага
На "Рок-каранацыі" Піт, Алезіс і Юрась заспяваюць і новыя, і старыя песні гурта адразу ўтрох — але без Лявона, для якога гэта стала "непрыемнай" нечаканасцю.
На сёлетняй "Рок-каранацыі" гурт N.R.M. выступіць у няпоўным складзе. Музыкі вырашылі выйсці на сцэну без заснавальніка гурта. Для Лявона Вольскага гэтая навіна сталася сапраўднай нечаканасцю.
"Я нічога пра гэта не ведаў... Я таксама прачытаў гэта сёння на сайце адной газеты, — распавёў Еўрарадыё вакаліст і аўтар большасці песень N.R.M. — Для мяне гэта непрыемная нечаканасць. Загадка!"
Падчас размовы з журналістамі Еўрарадыё Лявон быў відавочна засмучаны. "Усім балюча, — сказаў ён. — Але сітуацыю я пакуль што каментаваць не магу, бо ні з кім не звязваўся".
Гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў пацвердзіў: гурт сапраўды выступіць на "Рок-каранацыі" без свайго франтмэна: "Лявон, як ён шматразова казаў, узяў творчую паўзу і пайшоў у творчы неаплочваемы адпачынак", — сказаў музыка.
Што ж адбылося ў гурце?
"Лявону немагчыма нічога было сказаць, — працягнуў Піт Паўлаў. — Цягам года ён пазбягаў канткатаў з гуртом у прынцыпе, не хадзіў на рэпетцыці, адмаўляў усе канцэрты, якія прапаноўвалі гурту. А гурт не прызвычаены сядзець без рэпетыцыяў і без канцэртаў".
Па словах Піта Паўлава, калі б удзел N.R.M. у "Рок-каранацыі" вырашаўся разам з Вольскім, гледачы не ўбачылі б гурт увогуле. Маўляў, адзіная магчымасць выступіць на гэтым канцэрце была — зрабіць так, як гэта вырашылі паміж сабой астатнія музыкі.
"Насамрэч, я даўно ні з кім не сустракаўся і не размаўляў. Але, я яшчэ раз паўтаруся: я не хацеў бы нічога каментаваць, бо зусім не валодаю інфармацыяй", — кажа Лявон Вольскі.
"Яўнага франтмэна ў N.R.M. ніколі не было, і зараз не будзе, — распавёў Піт Паўлаўпра тое, як гурт мяркуе выступаць на "Рок-каранацыі". — Мы будзем спяваць усе ўтрох".
18 лютага музыкі выйдуць да гледачоў з новымі песнямі. Па словах Піта Паўлава, акрамя сталых "энэрэмаўцаў", да іх стварэння спрычыніўся яго сябра Глеб Галушка. Новыя песні паступова складаюцца ў альбом, які зараз знаходзіцца "у стане запісу".
"Лявон не звольнены з калектыву, — запэўніў Еўрарадыё Піт Паўлаў. — Ён пайшоў у творчы адпачынак сам, па сваёй ініцыятыве. Але калі адзін з удзельнікаў гурта прымае ў аднабаковым парадку рашэнне, якое ставіць гурт у двухсэнсоўнае становішча, ён можа чакаць, што гурт таксама паставіць яго ў двухсэнсоўнае становішча".
Пры канцы размовы сп. Паўлаў нагадаў, што права выступаць пад назвай N.R.M. маюць усе ўдзельнікі гурта. Таму, нават калі Лявон Вольскі вырашыць канчаткова сыйсці з калектыву, ён працягне сваё існаванне.