“Калі сталі дзядамі, то не строілі маладых. Малодшыя на нас за гэта… наехалі”
Пасля адкрытага паста лідара "Дай Дарогу!" Юрыя Стыльскага пра яго досвед службы ў беларускай арміі, Еўрарадыё запытала іншых беларускіх віпаў пра дзедаўшчыну.
Юрый Стыльскі, прызваўся ў сярэдзіне 90-х. Служыў у Мар’інай Горцы ў разведбатальёне.
"Ведаеце што такое сушыць кракадзіла або падумаць ля бетоннай сцяны? А лася? Бачылі, як людзі плачуць ад дзятла? Не? Я бачыў! А перавод з духа ў чайнікі? Калі лепш маліцца, каб бляхай рамяня не патрапілі па яйцах, таму што лупяць так, што на азадку застаюцца зоркі! А фанеру да агляду? У мяне яна была сіняя. Уся! З жоўтымі разводамі і выгнутым унутр гузікам, гэта я пра сваю грудную клетку. І не ў аднаго мяне…
Ведаеце за што? За тое, што няма з сабой цыгарэт, а трэба частаваць. Нават калі не паліш, абавязаны купіць і насіць пры сабе. Яшчэ таму, што на пытанне "Колькі?" забыўся лік дзён, якія засталіся да загаду аб дэмабілізацыі, за тое, што няма сіл больш адціскацца, за тое, што не ўсміхаешся, не сказаў "Дзякуй" за правільнае выхаванне! А збіць саслужыўца, бо паб'юць цябе, чулі такое?
А стуканеш начальству — вешайся. Наогул зачмырым, паводле статута жыць будзеш, зацягнуты і зашпілены да дэмбеля будзеш хадзіць, і размаўляць з табой будзе ў западло і забаронена, а хто будзе размаўляць, такім самым стане. І ніхто ніколі вам не прызнаецца, як адграбаў, гартаваўся, так бы мовіць, вучыўся жыццю і ваеннай справе… А духаў потым я пальцам не крануў, яны на мяне маліліся”.
Максім Жбанкоў, патрапіў у армію ў сярэдзіне 70-х. Нёс службу пад Рыгай і ў Савецку Калінінградскай вобласці ў інжынерных войсках.
"Уначы старэйшыя, часам нападпітку, маглі падняць па трывозе, загадаць шыць каўнерык. Маглі пастроіць у шэраг і праз аднаго біць у пысу, у жывот ці куды яшчэ. Не скажу, што гэта было штодзень, але такія начныя трывогі былі звычайнымі, нікога не здзіўлялі.
Ёсць армія ўдзень і армія ўначы. Уначы армія сама па сабе, там жывуць па сваіх законах, дзе працуе не мараль, а статус. Гэта падобна на крымінальны асяродак, дзе кіруе моц, нахабнасць і агрэсія.
Узровень экстрыму звязаны з прынцыпамі існавання войска па прызыве. Людзей адрываюць ад звычайнага асяроддзя, яны трапляюць у анамальную сітуацыю, дзе яны цалкам чужыя і залежныя. І пачынаецца вельмі моцная хваля дэпрэсіі. З гэтым ніхто нічога не робіць, бо лічыцца, што гэта нармальна.
У мяне, калі стаў "дзедам", былі іншыя прыярытэты. Хлопцы з майго прызыву ў камандзіроўцы ў Коўне набывалі гарэлку і напіваліся, маёй задачай было, каб ніхто з іх нікуды не сышоў і не трапіў у нейкі экстрым".
Аляксандр Сапега, прызваўся напачатку 80-х. Служыў у аркестры ракетных войскаў у Пскоўскай вобласці і ў Ансамблі песні і танца ў Смаленску.
"Адзін "дзядуля" дэмабілізаваўся. Ён быў з заходняй Украіны, там папулярныя вяселлі пад духавы аркестр. І ён вырашыў папоўніць рэпертуар свайго вясковага бэнда нотамі твораў, якія мы гралі. Прымусіў нас перапісваць усе партыі. А наш зямляк, хлопец з Бабруйска, добры барытаніст, заўважыў памылкі ў нотах і кажа: "Што за дэбіл гэта пісаў?! Не буду правіць". "Дзядулю" тут жа данеслі і пачалося. Наш прызыў быў невялікі, усяго чатыры чалавекі, але вельмі дружны. Пачалі адбівацца. І добра адмахваліся, пакуль я не атрымаў табурэтам па галаве, і мяне "вырубілі". А маглі забіць... У такіх бойках і забівалі. Хлопец з суседняй роты падчас такой самай бойкі ўпаў, стукнуўся патыліцай аб металічны ложак і памёр.
Я, калі стаў "дзядулем", паводзіў сябе культурна і інтэлігентна. Часам падганяў маладых, бо любому чалавеку, які трапляе ў экстраардынарную сітуацыю — з грамадзянскага жыцця ў ваеннае — трэба дапамагчы. Я быў настаўнікам ну ці добрым паліцэйскім... У аркестры ўвогуле было не да "дзедаўшчыны". Мы рэпетавалі, ездзілі па частках з канцэртамі. У вольны час гралі джаз. Я падпрацоўваў яшчэ ў мясцовым рэстаране на заменах".
Ігар Варашкевіч, праходзіў службу ў Мінску напрыканцы 70-х.
"У нашай роце і нашай батарэі гэтага не было. А ў суседняй "дзедаўшчына" была, і сяржанта, які здзекваўся над салдатамі, пасадзілі. Я калі стаў "дзедам", нікога ніколі не кранаў. Я ж пацыфіст, мірны чалавек".
Яўген Калмыкоў, нёс службу ў сярэдзіне 80-х у Маскве ў дывізіі асаблівага прызначэння, полк займаўся аховай ЦК КПСС
"У нас быў этнічны адбор, не было, напрыклад, каўказцаў. Але элементы дзедаўшчыны былі, і на гэтым было пабудавана ўнутранае жыццё кожнай роты ў Савецкім Саюзе. Праз паўгода службы наш узвод паслалі на тылавую базу цягаць бочкі з салёнымі памідорамі. Я атрымаў заданне ад сяржанта. А потым падышоў дзед і сказаў, каб я рабіў нешта наадварот. Я адказаў, што не буду выконваць яго загады, бо ў курсе, што трэба падначальвацца старэйшаму па званні. У выніку ў нас завязалася патасоўка, і нечакана бок дзеда прыняў сяржант, які мне даваў указанні. Яны мяне ўдвох пабілі, а я на ўсё жыццё запомніў гэты эпізод.
Армія — цудоўная школа жыцця. І я лічу, што маладому чалавеку варта прайсці такую школу, гэта пэўная ініцыяцыя, калі юнак становіцца мужчынам... Так атрымалася, што мой прызыў быў дастаткова пасіўным адносна дзедаўшчыны. Былі індывіды, якія не хацелі граць у гэтую гульню. Праз год службы кожны знайшоў нішу, дзе можна было індывідуальна сябе праяўляць. Я пайшоў рамантаваць ліфты ў сталовую частку, мой сябра знайшоў сабе цёплае месца ў клубе, быў там мастаком. Іншы пайшоў у свінарнік і цудоўна сябе адчуваў сярод гэтых свінак. А калі мы сталі дзядамі, то не строілі маладых. Мы перарвалі ланцужок, нас выклікалі малодшыя і… наехалі. Маўляў, вы не падтрымліваеце парадак, у нас хаос. Мы прапанавалі ім заняць наша месца".
Піт Паўлаў, служыў у элітных войсках ПДВ у Літве і Адэскай вобласці ў другой палове 80-х.
"Я быў у сяржанцкай вучэбцы. Муштра, страшная і моцная, была быццам бы па законе. Бо маладых курсантаў сяржанты мусяць вучыць, і статутны прынцып не парушаецца.
З гэтымі рэчамі фізічна немагчыма змагацца, бо ўся сістэма вакол іх збудавана. Мой узвод быў лепшым ва ўсім СССР, я атрымаў за гэта медаль. У маім узводзе была спрыяльная атмасфера, хоць праблема дзедаўшчыны не была цалкам вырашана. Але я сам даваў прыклад.
Будучы мега-дзембелем сам запраўляў ложак, сам чысціў боты, падшываў каўнерык. Усё, што чалавек мусіць зрабіць сам, я рабіў сам. Ніколі не абцяжарваў маладых, якім і так цяжка, якія і так у стрэсе. Сачыў за тым, каб мае стараслужачыя прыбіралі за сабой самі. Але гэта не было свядомае рашэнне: а пазмагаюся-ка я з дзедаўшчынкай. Мне было непрыемна, што нейкія ідыёты здзекуюцца з нармальных хлопцаў за-за таго, што яны малодшыя на паўгода.
Калі я мог на гэта ўплываць, уплываў аўтарытэтам, і даваў ляшча, калі трэба было. Гэта не была паспяховая барацьба, але ў мяне было крыху лепей, чым паўсюль".