“Ну што, папаўся? Давай сто еўра і едзь!”

“На мяжы мяне сустрэлі словамі “Ну што, штрафнік, папаўся? Давай сто еўра і едзь далей. “За што?” — пытаю ў іх. Кажуць, што за дарогі” — сонным голасам расказвае Еўрарадыё Яўген, ён амаль усю ноч правёў на пункце пропуску Каменны Лог, што на мяжы з Літвой.

Яўген — грамадзянін Беларусі, ужо некалькі гадоў жыве пад Вільняй — ажаніўся з літоўкай, працуе будаўніком. У Беларусь прыязджае на ўласным легкавіку з літоўскімі нумарамі – па справах і да родных. Раней была адна праблема — прыехаць можна было толькі раз у восем дзён. Цяпер дадалася яшчэ адна — BelToll і платныя дарогі.

“Уся мяжа стаіць — плацяць штрафы. Фуршчыкі хоць у курсе спраў, а іншыя не. У касе запытаўся, ці ўсе плацяць штрафы? Сказалі, што праз аднаго”.

З 1 жніўня брэсцкая траса, а таксама ўчасткі некаторых іншых дарог сталі платнымі для замежнікаў і беларусаў на мікрааўтобусах, аўтобусах і грузавіках, вага якіх больш за 3,5 тоны. Каб аплачваць, трэба ўзяць у арэнду адмысловае прыстасаванне, якое фіксуе, колькі кіламетраў аўтамабіль праехаў па платнай дарозе. Для легкавікоў арэнда каштуе 20 еўра, для астатніх — 50 еўра.

Як расказваюць Еўрарадыё ў транспартнай інспекцыі аўтадарожнага пункце пропуску “Катлоўка”, толькі за два тыдні жніўня ўжо сабралі больш за 38 тысяч еўра штрафаў. Маўляў, людзі не падрыхтаваліся загадзя да новых правілаў, за што і паплаціліся.

Заплаціць за дарогу Яўген не супраць. Ведаць бы, што гэта трэба рабіць і якім чынам здабыць неабходнае абсталяванне. Але гэтага не ведаюць нават у шапіку Транспартнай інспекцыі, якая цяпер штрафуе замежных кіроўцаў у пунктах памежнага кантролю. Не змаглі там патлумачыць таксама і чаму Яўгена аштрафавалі за ліпеньскую паездку ў Мінск, хоць сістэма BelToll працуе толькі… са жніўня.

Праблемы не толькі ў машын з нумарамі краін ЕС. Ганна прыехала ў Магілёў да сяброў з Украіны на мінулым тыдні. Выхадныя планавала правесці ў Мінску, але не выйшла. На мяжы пра платныя дарогі Ганну не папярэдзілі. Добра, што сябра-беларус своечасова расказаў пра сістэму аплаты! Але ўзяць у арэнду датчык адразу не атрымалася — магілёўскі пункт абслугоўвання быў зачынены.

“Мы не ведалі, што ёсць платныя дарогі, што прыборы трэба набываць. Каб не сказалі нам знаёмыя, то і не даведаліся б. Шукалі, дзе можна ў Магілёве набыць іх. Прыехалі ў суботу, а там зачынена. Чакалі панядзелка”.

У выніку паездка ў Мінск нават без уліку кошту паліва каштавала больш за 800 тысяч рублёў – 20 еўра за перадатчык і 600 тысяч на рахунак. Праўда, нявыкарыстаныя грошы Ганне паабяцалі вярнуць. “Калі знайду месца, дзе гэта робяць”, — жартуе дзяўчына.

Украінская госця настроеная на дзіва пазітыўна, хоць і не супраць даць беларусам некалькі парадаў у справе аплаты за праезд па дарогах:

“Калі б зрабілі магчымым плаціць, заязджаючы на платную дарогу, было б зручна. Прыехаў заплаціў. А так невядома ж, што і дзе рабіць. Асабліва калі з іншай краіны прыехаў”.

Пакуль застаецца незразумелым, на чым больш зарабляюць ініцыятары мадэрнізацыі сістэмы аплаты за праезд па беларускіх трасах. На праездзе па іх, альбо на няведанні замежнікамі новых парадкаў. Тым больш, што звязацца з кампаніяй-аператарам праблематычна і праз нумары гарачай лініі, і нават па тэлефонах, пазначаных у квітанцыі аб выплаце штрафу.

Фота: interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі