Някляеў прапанаваў Кангрэсу за незалежнасць аб'яднацца з яго рухам
Старшыня ТБМ Алег Трусаў выступіў супраць ператварэння Кангрэсу ў нейкі рух ці партыю.
У Мінску прайшла другая сесія Кангрэсу за незалежнасць Беларусі. У ёй удзельнічалі каля 30 чалавек, перада БелаПАН.
Паэт і палітык Уладзімір Някляеў прапанаваў кангрэсу аб'яднацца з грамадскім рухам "За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі", які ствараецца пад эгідай Някляева. Ён зазначыў, што ў беларускага дэмакратычнага руху заўсёды была адзіная мэта — стварэнне "дэмакратычнай незалежнай дзяржавы Беларусь". Някляеў прапанаваў Кангрэсу стаць аналітычным цэнтрам, а рух "За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі" будзе пры ім выканаўчай структурай.
Аднак супраць выступіў старшыня грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў. "Наша мэта была не ператвараць кангрэс у чарговую кішэнную партыю ці рух, не вылучаць на кангрэсе ніякіх кандыдатаў у прэзідэнты, тады ён будзе дзейнічаць як пляцоўка, на якой прысутнічаюць розныя партыі і рухі", — заявіў Трусаў.
Разам з тым Трусаў адзначыў, што гэта толькі яго меркаванне. Рашэнне наконт прапановы Някляева прымуць 17 сябраў рады Кангрэса за незалежнасць Беларусі. Яны збяруцца на пасяджэнне ў бліжэйшыя тыдні.
Мех: Пра ўдзел у выбарах я казаў, калі ў нашым руху яшчэ не было Някляева