"Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць": Караеў пра Ціханоўскага

Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё​
Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё​

Крымінальная справа ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага і яго каманды палітычна матываваная, сцвярджае ініцыятыва экс-сілавікоў і прыводзіць шэраг доказаў.  

Паводле звестак аўтараў расследавання, распрацоўка Ціханоўскага супрацоўнікамі беларускіх праваахоўных органаў вялася задоўга да затрымання блогера.  Падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы шукалі прадстаўнікі ГУБАЗіК, аднак знайсці так нічога так і не змаглі.

"У сувязі з гэтым было прынятае рашэнне аб арганізацыі супраць яго правакацыі. Загад аб гэтым быў аддадзены асабіста былым міністрам унутраных спраў Караевым Юрыем Хаджымуратовічам", — сцвярджаюць аўтары расследавання.

Для ўдзелу ў правакацыі прыцягнулі прастытутку па мянушцы "Ламбада", якая "супрацоўнічала на канфідэнцыйнай аснове" з адным з оперупаўнаважаных, кажуць экс-сілавікі. Пасля канфлікту з гэтай жанчынай у Гродна, нагадаем, Ціханоўскі быў затрыманы і да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні.

У распараджэнні таксама аказаўся аўдыёзапіс выказванняў пра Ціханоўскага. Голас, падобны на былога кіраўніка МУС Юрыя Караева, называе блогера "быдлаганам", які хацеў разгайдаць краіну — ездзіў па праблемных месцах і крытыкаваў уладу.

"Ён, гэтая пачвара, у Расіі бачыў у шмат разоў горш за ўсе гэтыя пытанні, але там ён свой паганы рот не адкрываў: "Мы з мусарамі разбярэмся!" А тут прыехаў на самую ціхую ніву, на самае пакорлівае насельніцтва, на самых лепшых міліцыянтаў у свеце!!! І пачаў: "Мусары" там; "Мы разгайдаем гэтую ўладу", бачачы, што яму няма процідзеяння. Добра, што яго пляснулі. Шкадую толькі, што позна", — кажа голас.

Ён прызнаецца, што пра неабходнасць звярнуць увагу на Ціханоўскага яму казалі яшчэ "ў кастрычніку", што міліцыя працавала па гэтым пытанні разам з кампетэнтнымі органамі, і што "хапіла мудрасці хоць калісьці яго ўбачыць і пляснуць".

"Хай крычыць на ўвесь свет: "Па мяжы, па бязмежжы". Такая пачвара небяспечней за ўсіх. Ён больш небяспечны за ўсіх гэтых Бабарыкаў. Ён разбуральнік дзяржавы. Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!" — кажа ён.

Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 мая ў Гродне падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы кандыдатам у прэзідэнты. Калі блогер размаўляў з людзьмі, нейкая жанчына падышла да яго ззаду і пачала хапаць за руку. Ён спрабаваў дыстанцыявацца, жанчына паскардзілася міліцыянтам, што Ціханоўскі адмаўляецца з ёй мець зносіны. Завязалася бойка, адзін з міліцыянтаў упаў на асфальт. Пазней у дачыненні да Ціханоўскага распачалі крымінальную справу паводле артыкула "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Затым у дачыненні да яго былі выстаўленыя і іншыя абвінавачванні — у "перашкодзе працы Цэнтрвыбаркама" (арт. 191 КК) і "распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК — новае абвінавачванне). Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітвязнем.

У канцы лістапада Ціханоўскаму чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы — да канца лютага 2021 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі