Па справе Надзеі Астапчук распачалі дадатковае расследаванне

Як распавёў Еўрарадыё дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Аляксандр Ванхадла, дадатковая праверка распачатая з ініцыятывы самой спартсменкі і Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый.



Аляксандр Ванхадла: “Пакуль ідзе дадатковае расследаванне. Яно, напэўна, будзе працягвацца каля месяца”.



Пасля Алімпіяды 2012 года ў чэмпіёнкі Надзеі Астапчук быў знойдзены допінг. Трэнер спартсменкі Аляксандр Яфімаў прызнаўся, што гэта ён падсыпаў забаронены прэпарат у каву дзяўчыне напярэдадні спаборніцтваў, баючыся, што яна не здолее паказаць добры вынік. Шматлікія эксперты засумняваліся ў словах трэнера, а даследаванне Еўрарадыё спарадзіла яшчэ больш пытанняў.



Тым не менш, Беларусь пазбавілася залатога алімпійскага медаля, Надзея Астапчук і яе трэнер дыскваліфікаваныя. Меркавалася, што калі версія пра Яфімава пацвердзіцца, Астапчук не зможа выступаць адзін год, а трэнер пазбавіцца працы на чатыры.



Адзін год дыскваліфікацыі Надзеі Астапчук скончыўся 13 жніўня (менавіта у гэты дзень 2012 года інфармацыя пра дыскваліфікацыю спартсменкі з’явілася на сайце IAAF).



Сама лёгкаатлетка расказвае Еўрарадыё, што не валодае ніякай інфармацыяй наконт следства і не разумее, чаму працэс так зацягнуўся. Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі Эліна Зверава пацвярджае, што следства дагэтуль праводзіцца, і абвяргае ранейшую інфармацыю, што яе ведамства ўжо прыняло рашэнне дыскваліфікаваць Надзею Астапчук на год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі