Па СТБ паказалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ніколі не ваявалі
Яны каментавалі кінапаказ для ветэранаў у Мінску.
Разам з арганізацыяй “Белая Русь” улады сталічнага Завадскога раёна зладзілі для ветэранаў вайны і вязняў канцлагераў прагляд новай гістарычнай кінастужкі. У праграме “Сталічныя падрабязнасці” тэлеканала СТБ сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства падзяліліся Людміла Яфрэмава і Уладзімір Цішкевіч. Журналісты падпісалі іх “ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны”. Што праўда, на выгляд “ветэранам” гадоў па 60, таму пытанне іх удзелу ў Другой сусветнай вайне адразу ўзнялося ў інтэрнэце.
Сяргей Чалы на сваёй старонцы ў ФБ пакінуў з’едлівы каментар: “З кожным годам усё маладзейшыя ветэраны”.
Еўрарадыё вырашыла знайсці ветэранаў і звярнулася ў “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў”.
“Яфрэмава — не ветэран вайны, а ветэран працы! — расказваюць у грамадскім аб’яднанні. — Калісьці яна была ў нас старшынёй пярвічкі”.
А вось пра ветэрана Цішкевіча, які адкаментаваў тэлеканалу СТБ “нам, старыкам, нічога больш і не трэба, апроч увагі ды ласкі”, у “Беларускі грамадскім аб’яднанні ветэранаў” нічога не вядома:
“Ва ўсялякім выпадку, у нас ні ў ветэранскіх, ні тым больш у ваенных спісах ён не значыцца. Калі б ён быў ветэранам вайны, то ён абавязкова быў бы ў нас. А вось ветэраны працы ў нас не ўсе, бо сяброўства ў нашай арганізацыі добраахвотнае”.
Нагадаем, паводле афіцыйных дадзеных на 01.01.2015, у Беларусі засталося 17 773 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх 4492 жыве ў Мінску. Калі меркаваць, што яны трапілі на фронт толькі ў 1944 годзе і ў 18-гадовым узросце, то сёлета ветэранам ВАВ мусіць быць не менш за 89 гадоў.
Сюжэт пра ветэранаў пачынаецца напрыканцы чацвёртай хвіліны (4:49)