Пад расійскія санкцыі супраць Украіны трапіў грамадзянін Беларусі

Пад расійскія санкцыі супраць Украіны трапіў грамадзянін Беларусі

У новы "чорны спіс" санкцый Расіі супраць Украіны трапіў беларускі топ-менеджар — 35-гадовы Аляксандр Васілька

Як паведамлялася раней, Расія ўвяла санкцыі 1 лістапада. У "чорным спісе" апынуліся 322 фізічныя і 68 юрыдычных асоб Украіны.  

Паводле інфармацыі tut.by, Аляксандр Васілька скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці "прамысловая інжынерыя". Працаваў на піўзаводзе "Аліварыя": ад звычайнага майстра за 7 гадоў дарос да дырэктара па вытворчасці. Калі асноўным акцыянерам прадпрыемства стаў дацкі канцэрн Carlsberg, то Васільку ў рамках карпаратыўнай ратацыі кадраў перакінулі ў Львоў, дзе ён узначаліў Carlsberg Ukraine.

У 2013 годзе беларус атрымаў прапанову стаць гендырэктарам Дняпроўскага крухмала-паточнага камбіната, які належаў Пятру Парашэнку, цяперашняму прэзідэнту Украіны. На гэтым прадпрыемстве Васілька адпрацаваў 3 гады.

Потым вярнуўся ў Беларусь, дзе да апошняга часу працаваў намеснікам дырэктара па камерцыйных пытаннях на заводзе "Праймілк" у Шчучыне. З гэтай пасады ён сышоў месяц таму.

Сваё ўключэнне ў расійскі "чорны спіс" мужчына называе загадкай. Адзіную падставу ён бачыць у тым, што працаваў на заводзе, які належыць Парашэнку. "Але я абсалютна апалітычны чалавек. Не меў ніякага дачынення да палітыкі. Выконваў функцыі нанятага топ-мэнэджэра. Больш за тое, ужо там не працую амаль два гады", — распавядае беларус.

Дарэчы, ні сам Парашэнка, ні Дняпроўскі крухмала-паточны камбінат пад санкцыі расійскага ўрада не трапілі.

Бліжэйшым часам Аляксандр Васілька хоча вярнуцца ва Украіну, бо не знайшоў у Беларусі вялікае прадпрыемства, якое б мог узначаліць. "Мне паступіла прапанова ўзначаліць адну буйную ўкраінскую кампанію. Яна не мае дачынення да Парашэнкі", — дадае менеджар.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі