Падаткавікі хочуць, каб рэстараны паведамілі, хто заказвае навагоднія банкеты

Рэстаран, ілюстрацыйнае фота

Рэстаран, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Мінская падатковая інспекцыя патрабуе ад установаў грамадскага харчавання падрабязна паведаміць, хто замаўляе навагоднія банкеты. Адпаведны ліст быў разасланы ва ўстановы, піша "Зеркало".

Падаткавікі просяць да 18 снежня паведаміць пра банкеты, якія пройдуць ва ўстанове з 15 да 31 снежня. Ведамства цікавіцца вечарынкамі, у якіх прымуць удзел больш за 15 чалавек. Пры гэтым няважна, хто выступае заказчыкам — фірма ці фізічная асоба.

Падатковую інспекцыю цікавяць наступныя звесткі: 
хто заказчык (найменне юрыдычнай асобы або прозвішча, імя, імя па бацьку фізічнай асобы);
кантактныя даеныя заказчыка;
дата правядзення банкета;
колькасць удзельнікаў;
сума заказу;
форма аплаты (наяўныя / безнаяўныя).

Для абгрунтавання сваіх патрабаванняў ведамства спасылаецца на Падатковы кодэкс (падпункт 1.12 пункта 1 артыкула 107), згодна з якім яны маюць права бязвыплатна атрымліваць ад арганізацый неабходныя дакументы, інфармацыю, звесткі, якія складаюць камерцыйную (прафесійную, банкаўскую, іншую ахоўваную законам) тайну.

Карэспандэнт "Зеркала" затэлефанаваў у падатковую як прадстаўнік установы грамадскага харчавання. Інспектар паведаміў, што ў снежні падатковая ўзмоцнена кантралюе ўстановы грамадскага харчавання, таму збірае звесткі для кантролю за паўнатой адлюстравання прыбытку. Пры гэтым падаткавік запэўніў, што заказчыкі іх не цікавяць, але не адказаў, навошта трэба даваць асабістыя звесткі людзей. Але за непадачу звестак прыгразіў адказнасцю: "Адказнасць за непрадастаўленне звестак можна заўсёды знайсці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі