Паказ фільма пра расстрэлы ў Курапатах сабраў паўтысячы гледачоў
У мінскім кінатэатры “Масква” адбылася прэзентацыя мастацкага фільму “Жоўты пясочак”, знятага паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава. Як перадае Радыё Свабода, у зале, разлічанай на 700 месцаў, 16 верасня сабралася каля паўтысячы гледачоў.
Як кажа рэжысёр стужкі Аляксей Туровіч, прэм’ера магла не адбыцца ўвогуле: толькі адміністрацыя “Масквы” ўзяла на сябе адказнасць і ўключыла ў рэпертуарны план кіно пра сталінскія рэпрэсіі. Праўда, прызначаныя толькі два сеансы — другі паказ адбудзецца сёння, 17 верасня.
Падзеі, паказаныя ў карціне, адбываюцца 80 гадоў таму — з сумнавядомай мінскай турмы НКВД вязуць на расстрэл у Курапаты. Смяротнікі — людзі самыя розныя, у апошнія гадзіны жыцця кожны заняты сваімі ўласнымі думкамі.
На наступным тыдні пачнецца беларускі пракат “Жоўтага пясочку” ў гарадах Беларусі. Стартуе марафон 21 верасня ў Бабруйску, потым на чарзе 17 гарадоў Мінскай вобласці.