"Пакуль да камеры не дайшоў — цябе б'юць" — беларус-"азовец" пра расійскі палон

Беларус-"азовец", які вярнуўся з расійскага палону

Беларус-"азовец", які вярнуўся з расійскага палону / полк Каліноўскага

У расійскім палоне амаль не кармілі і збівалі. Пра гэта расказаў беларус, які трапіў у палон падчас абароны Марыупаля. Відэа з ім апублікаваў полк Каліноўскага.

У 2016 годзе хлопец па сваіх палітычных перакананнях прыехаў добраахвотнікам у полк "Азоў". Першы дзень поўнамаштабнай агрэсіі ў 2022-м сустрэў у Марыупалі, на базе палка "Азоў". Ён да апошняга ўдзельнічаў у абароне "Азоўсталі", а потым трапіў у расійскі палон.

Спярша палонных трымалі ў лагеры ў Аленаўцы пад Данецкам. Там палонныя жылі ў бараках. Умовы існавання ён апісвае так: "Калі барак на 100 чалавек, нас там жыло 400-500. На падлозе спалі".

Таксама беларус згадвае нішчымныя порцыі ежы: "Расія — вялікая краіна па тэрыторыі. І даваць палонным па тры кавалачкі хлеба і крыху кашкі ці вады... Усе людзі, якія прыходзяць з палону, губляюць па 20, па 30 кг". Кажа, што ў палоне пастаянна думаў пра ежу.

Таксама ён адзначае, што расіяне ў лагерах працуюць па тых жа методыках, што апісаныя ў творы Аляксандра Салжаніцына "Архіпелаг ГУЛАГ".

З Аленаўкі палонных этапавалі ў Расію: "Нас пашыхтавалі, сказалі, што — абмен. І мы паехалі... Я адразу зразумеў, што гэта не абмен. Там стаялі КамАЗы, нам заматалі вочы, рукі закруцілі. Пасадзілі, як сялёдкі, у КамАЗ — і мы паехалі. Прыехалі ў пэўны пункт, у СІЗА, і там пачалася "прыёмка". Там цябе б'юць. Як толькі злез з КамАЗа і пакуль да камеры не дайшоў — цябе б'юць. Палкамі, кіянкамі, электрашокерамі... Усім білі — нагамі, рукамі... Чым захацелі, тым і ўдарылі".

У СІЗА ўмовы, па яго словах былі лепшыя: "Была раз у тыдзень лазня, і ўсё. У камеры была вада — можна было халоднай мыцца". Там нават выдавалі раз на месяц кавалак гаспадарчага мыла, хаця і яго далі не адразу.

Пра катаванні беларус расказваць не захацеў, каб не падстаўляць тых, хто яшчэ застаецца ў палоне: "За кожнае маё слова хтосьці там будзе адказваць". Пры гэтым ён удакладніў: пачынаючы з сакавіка-красавіка 2023 года палонных увогуле ніхто не чапаў і пачалі добра карміць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі