Пакупнікоў флэшак і дыскаў прымусяць плаціць за спампаваныя кіно і музыку
Неўзабаве флэшкі, дыскі ды іншыя падобныя носьбіты інфармацыі для беларускіх пакупнікоў падаражэюць. Атрыманыя грошы, як мяркуецца, пойдуць на ўзнагароджанне беларускіх творцаў за выкарыстанне іх твораў праз інтэрнэт прыватнымі асобамі.
Пра гэта ў каментары газеце "СБ. Беларусь сегодня" распавёў старшыня праўлення нядаўна створанага Беларускага таварыства аўтараў, выканаўцаў і іншых праваўладальнікаў Сяргей Кухто.
Па яго словах, новае таварыства не канкуруе з Нацыянальным Цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ), дзе ёсць падраздзяленне па абароне аўтарскага і сумежных правоў. Наадварот, яны плануюць дзейнічаць сумесна. НЦІУ абараняе правы пры публічным выкарыстанні твораў. А новае грамадскае аб'яднанне стане сачыць за захаваннем аўтарскіх правоў пры капіяванні аўдыя- і аўдыёвізуальных твораў шараговымі карыстальнікамі.
Такім чынам, кожны, хто спампоўвае музыку або кіно з інтэрнэту, будзе пералічваць грошы творцам. Новае таварыства плануе заключыць дамовы на адлічэнні з тымі, хто вырабляе альбо ўвозіць у Беларусь тавары для захоўвання і капіяванні інфармацыі. "Шараговы спажывец, набыўшы ў краме, напрыклад, флэшку ці дыск, заплаціць за іх, умоўна кажучы, не 10 рублёў, а 10 рублёў і 0,001 капейкі. Гэтыя 0,001 капейкі і адправяцца ў аўтарскае таварыства, дзе адсочаць і вызначаць рэйтынгі запамповак, і ў залежнасці ад іх зробяць адпаведныя адлічэнні таму ці іншаму аўтару", — тлумачыць Кухто.
Новае таварыства было зарэгістраванае ў чэрвені ў Мінсітэстве юстыцыі і цяпер чакае дзяржаўнай акрэдытацыі. У яго ўвайшлі каля 60 прадстаўнікоў музыкі, тэатра, кіно. Сярод іх — драматург Аляксей Дудараў, спевакі Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Анатоль Ярмоленка, рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў, актрысы Святлана Сухавей і Валерыя Арланава.