Паліцыя Лондана прыйшла да высновы, што Глушкова забілі
Паліцыя Лондана прыйшла да высновы, што смерць Мікалая Глушкова — былога бізнэс-партнёра Барыса Беразоўскага была гвалтоўнай. Яго смерць расследуюць як забойства, паведамляе Бі-Бі-Сі.
68-гадовага Мікалая Глушкова, як паведамлялася раней, знайшлі мёртвым 13 сакавіка. Ён памёр ад удушэння.
Глушкоў быў намеснікам дырэктара дзяржаўнай кампаніі "Аэрафлот", а таксама працаваў у кампаніі Беразоўскага "ЛагаВАЗ". Пасля эміграцыі Беразоўскага ў Брытанію Глушкоў быў асуджаны за махлярства і прасядзеў за кратамі пяць гадоў.
Пасля вызвалення Глушкоў пераехаў у Вялікабрытанію, дзе атрымаў палітычны прытулак. Пасля смерці Беразоўскага ў 2013 годзе ён настойваў на тым, што беглага расійскага алігарха забілі.