Палітолаг: ЕС сарваў план Расіі па аслабленні Лукашэнкі перад выбарамі

Вядомы расійскі палітолаг Уладзімір Слацінаў распавёў у інтэрв’ю Еўрарадыё, чаму правалілася палітыка Расіі ў дачыненні да Беларусі, на што спадзяваўся Крэмль, калі распачынаў інфармацыйную вайну, і з-за чаго Еўропа ўсё ж гатовая супрацоўнічаць з Лукашэнкам.

На думку расійскага палітычнага аналітыка Ўладзіміра Слацінава, спроба расійскага кіраўніцтва аслабіць Лукашэнку перад выбарамі правалілася, таму Крэмль змяніў сваю пазіцыю і зараз захоўвае маўчанне.
"Я думаю, што пакуль расійская палітыка не дасягнула ніводнай стратэгічнай мэты ў дачыненні да Беларусі", — кажа эксперт.
Мэта Расіі была аслабіць пазіцыі беларускага кіраўніка перад выбарамі, каб ён зменшыў крытыку Крамля і пайшоў на эканамічныя саступкі, перш за ўсё — адкрыццё беларускіх актываў перад расійскімі прадпрымальнікамі.
Уладзімір Слацінаў"Апошні год ён дастаткова жорстка крытыкаваў Расію. І дэманстраваў сваю ўпартасць у цэлым шэрагу пытанняў, перш за ўсё датычных нафтавых і газавых пытанняў. І ён выказваўся досыць жорстка ў адрас расійскага тандэму. А любыя выказванні ў адрас тандэму самім тандэмам ўспрымаюцца даволі хваравіта".
А правалілася гэтая тактыка перш за ўсё з-за змены адносінаў Беларусі з Еўрапейскім Саюзам. У Крамлі спадзяваліся на тое, што ЕС таксама будзе рэзка крытыкаваць беларускі рэжым — і Лукашэнка апынецца заціснутым паміж двух агнёў, мяркуе расійскі палітолаг.
Уладзімір Слацінаў: "Мы бачым, што удараў з боку Расіі было некалькі. Самы асноўны — гэта прапагандысцкі: дастаткова ўспомніць вядомыя перадачы па НТВ, а гэтак жа рэзкія выступы Дзмітрыя Мядзведзева і рэзкая пазіцыя Расіі ў эканамічных адносінах. Але, гледзячы па ўсім, у Расіі не атрымалася такая кавалерыйская атака на Аляксандра Лукашэнку. Паколькі высветлілася, што ў эканамічным сэнсе Беларусь значна менш цяпер незалежная ад Расіі, чым гэта ўяўлялі ў Крамлі. Паколькі тавараабарачэнне з ЕС вырасла ў апошні час, а з Расіяй яно калі не стагнуе, то доля яго для Лукашэнкі не з'яўляецца такой крытычна важнай, як гэта было некалькі гадоў таму".
Але ж самае галоўнае, упэўнены Уладзімір Слацінаў, — што іншую пазіцыю абраў Еўрасаюз. Зараз можна назіраць паступовае збліжэнне еўрапейскіх лідараў і Лукашэнкі. ЕС цяпер больш заклапочаны ўнутранымі сацыяльна-эканамічнымі пытаннямі і праблемамі, якія ўзніклі пасля падпісання Лісабонскай дамовы. Таксама з'явіліся эканамічныя складанасці з-за Грэцыі і Ірландыі, якія трэба тэрмінова вырашаць. Такім чынам, беларускае пытанне адышло нават не на другі план.
Уладзімір Слацінаў: "Для ЕС цяпер не выгадна, каб палітычныя працэсы ў Беларусі пайшлі нейкім радыкальным чынам і, напрыклад, гіпатэтычна Беларусь рэзка накіравалася ў бок ЕС. Як ні парадаксальна, Беларусь, якая бяжыць насустрач ЕС, самому Еўрасаюзу зараз не вельмі патрэбна".
А вось паступовая лібералізацыя рэжыму цалкам задавальняе еўрапейскіх палітыкаў, лічыць Слацінаў. Пытанне інтэграцыі з Беларуссю ўсё адно застаецца важным для ЕС. Таму Еўрасаюз прымае лібералізацыю, якую імітуе Лукашэнка, да таго ж у некаторых пытаннях сапраўды адбываецца змякчэнне рэжыму. У выніку Беларусь не апынулася ў ізаляцыі, як гэтага хацеў Крэмль.
Уладзімір Слацінаў"Зразумела, што ЕС заняў зусім іншую пазіцыю. Візіты міністраў замежных спраў Германіі і Польшчы паказалі, што ЕС гатовы пакуль мірыцца з абмежаванай дэмакратызацыяй рэжыму. Звярніце ўвагу на паводзіны Януковіча. Расія паспрабавала пакінуць Лукашэнку ў ізаляцыі — гэтага не атрымалася зрабіць. Януковіч заняў прабеларускую пазіцыю, і нават сябар Чавес пасля візіту ў Маскву адразу паехаў у Беларусь і паабяцаў нафту. І, разумеючы відавочны чарговы свой пройгрыш, Расія цяпер змяніла акцэнты. На змену рэзкай крытыцы прыйшло вось такое зацішша".
На думку палітолага, таксама нельга выключаць тое, што Расія не іграе ніякай ролі на беларускіх выбарах. Хутчэй за ўсё, у Крамлі разумеюць, што прарасійскай альтэрнатывы, якой быў Януковіч ва Украіне, у Беларусі няма. Таму асноўная мэта была аслабіць беларускага кіраўніка, а не змяніць яго.
Уладзімір Слацінаў: "Я мяркую, што на злосць Аляксандру Лукашэнку пэўныя дзеянні робяцца ізноў-такі толькі дзеля таго, каб яго аслабіць і зрабіць для яго выбарчую кампанію больш складанай. У Крамлі напэўна разумеюць, што Лукашэнка выйграе выбары, але пытанне, як ён іх выйграе. З якім лікам. Таму выключаць дапамогу некаторым кандыдатам з боку Крамля нельга".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі