Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла, што яе збівалі ў калоніі

Паліна Шарэнда-Панасюк 

Паліна Шарэнда-Панасюк  / spring96.org

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла на судзе, што яе збівалі ў калоніі. У выніку "быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы". 2 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна пачалі разглядаць чарговую крымінальную справу супраць Шарэнды-Панасюк, раней асуджанай на 3 гады калоніі. Справу разглядае суддзя Станіслаў Іванюценка. Жанчыну зноў абвінавачваюць у "злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі" (ч. 2 арт. 411 КК). З ініцыятывы пракурора ў працэсе зрабілі перапынак да 9 кастрычніка (прычына такога рашэння невядомая). 

Па словах палітзняволенай, збівалі яе крымінальныя зняволеныя па наводцы адміністрацыі. Яна казала і пра жорсткія ўмовы ў рэчыцкай калоніі, ізалятары часовага ўтрымання рэчыцкага РАУС і ў гомельскім СІЗА на працягу года. Цяперашняе ўтрыманне ў рэчыцкім ІЧУ Паліна Шарэнда-Панасюк таксама называе катаваннем: ёй прыходзіцца спаць на падлозе, бо не выдалі ні матраца, ні пасцельнай бялізны, забралі ўсе асабістыя рэчы.

Паліна перадала падзяку ўсім людзям, якія падтрымалі яе за гэты час. Яна падкрэсліла, што не лічыць сябе зняволенай, назвала сябе ваеннапалоннай. На пачатку працэсу нагадала, што не лічыць гэты суд законным і што раней напісала адмову ад беларускага грамадзянства.

Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста, яе затрымалі ў студзені 2021 года, абвінавацілі паводле трох артыкулаў КК (за нібыта "гвалт і абразу" міліцыянераў, а таксама за "абразу Лукашэнкі") і прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі. Вясной 2022 года яе судзілі зноў — гэтым разам за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". Дадалі яшчэ адзін год зняволення. Потым судзілі паводле гэтага ж артыкула паўторна. Тады Паліна ў знак пратэсту супраць катаванняў у калоніі адмовілася ад беларускага грамадзянства.

Палітзняволеная трымаецца мужна. У жніўні яна аб'яўляла галадоўку, патрабавала больш чалавечых умоваў бытавога ўтрымання. Кантактаў з роднымі няма ўжо паўгода, перадачы не даходзяць.

Рада БНР узнагародзіла Паліну Шарэнда-Панасюк медалём Ордэну Пагоні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі