Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк адмаўляецца ад грамадзянства РБ
Паліна Шарэнда-Панасюк / https://www.facebook.com/Andrei.Sharenda/
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк адмаўляецца ад грамадзянства РБ і падала афіцыйны зварот. Такім чынам яна пратэстуе супраць катаванняў. Пра гэта ў Facebook напісаў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда. Ён даведаўся, што пасля падачы звароту Паліну этапавалі з калоніі №24 для праходжання судова-псіхіятрычнай экспертызы. Дзе яна знаходзіцца цяпер, невядома.
"Паліна адмаўляецца ад беларускага пашпарту, са сталінскім гербам на вокладцы, — піша Андрэй Шарэнда. — Яна больш не хоча мець нічога агульнага з акупацыйным рэжымам, што ўсталяваўся на Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі. Рэжымам, які ўдзельнічае ў акупацыйнай вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах. З моманту адмовы ад грамадзянства Паліна перастае ўважаць сабе падуладнай усялякім законам акупацыйнай улады, і адмаўляецца выконваць усе патрабаванні. Таксама Паліна цалкам адмаўляецца падпарадкоўвацца адміністрацыі калоніі, суду і іншым сілавым структурам. Паліна падкрэслівае, што застаецца беларускай і патрыёткай сваёй Радзімы — Беларусі, і будзе да канца жыцця змагацца за яе свабоду".
Паліна Шарэнда-Панасюк просіць міжнародныя гуманітарныя і праваабарончыя арганізацыі сачыць за яе лёсам, "і зрабіць усё магчымае для вызвалення яе і ўсіх палітзняволеных".
Андрэй Шарэнда заяўляе, што жонку ў калоніі павольна забіваюць. Некалькі дзён таму да маці Паліны чарговы раз вярнулася медычная бандэроль з неабходнымі для дачкі медычнымі прэпаратамі. "Паліну фактычна ўвесь час трымаюць у штрафным ізалятары, — піша Шарэнда. — Толькі за апошнія 5 месяцаў яна правяла ў жудасных умовах ШІЗА 120 дзён, а агулам за няпоўны год знаходжання ў калоніі №24 больш як 200 дзён. І гэта без уліку месяцаў праведзеных у ПКТ, дзе ўмовы не значна лепшыя за штрафны ізалятар".
Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў зняволенні з 3 студзеня 2021-га. 9 чэрвеня таго ж года ёй прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму (яе абвінавацілі ў "гвалце" ў дачыненні да міліцыянтаў і іх "абразе", а таксама ў "абразе Лукашэнкі"). А ў красавіку 2022-га дадалі яшчэ адзін год калоніі за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі. Цяпер на яе пачалі яшчэ адну справу паводле гэтага ж артыкула.
Палітзняволеная за кратамі трымаецца мужна. Рада БНР узнагародзіла яе медалём ордэну Пагоні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.