Памерла беларуская журналістка Дзіяна Чаркасава
Дзіяна Чаркасава
Ва ўзросце 89 гадоў пасля працяглай хваробы памерла журналістка Дзіяна Чаркасава, шматгадовая супрацоўніца газеты "Голас Радзімы", піша "Салідарнасць".
Дзіяна Чаркасава ўсё жыццё адпрацавала ў газеце для беларусаў замежжа "Голас Радзімы". Там яна была карэктаркай, літаратурнай супрацоўніцай, адказнай сакратаркай і нарэшце намесніцай галоўнага рэдактара. У 2000 годзе выйшла на пенсію.
У 1978 годзе журналістка выдала кнігу "Люблю" пра жыццё і творчасць Канстанцыі Буйло. Чаркасава доўгія гады падтрымлівала асабістыя сувязі з паэткай, якая стала класікам нашай літаратуры.
Таксама Дзіяна Чаркасава публікавалася ў газеце "Літаратура і мастацтва", часопісах "Полымя" і "Нёман". Яе рукапісы, перапіска з Канстанцыяй Буйло, публікацыі захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
У 2004-м годзе пры нявысветленых абставінах была забітая яе дачка журналістка Вераніка Чаркасава. Яе забойства дагэтуль застаецца нераскрытым. У 2019-м пайшоў з жыцця Уладзімір Мялешка — муж Дзіяны Цімафееўны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.