Памежнікі не пусцілі Углу, бо "ён жорстка абыходзіцца з мяккімі цацкамі"
Так патлумачыў прэс-сакратар Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.
Нагадаем, што кіраўніка шведскай праваабарончай арганізацыі Оstgruppen Марціна Углу не пусцілі ў Беларусь. Ён купіў квіток на чэмпіянат свету па хакеі, які пачынаецца 9 траўня ў Мінску. Угла хацеў у суботу, 10 траўня паглядзець матч з удзелам зборнай Швецыі.
8 траўня Угла вылецеў у Вільню. Да гэтага ён знаходзіўся ў транзітнай зоне Нацыянальнага аэрапорта Мінск.
Па словах Цішчанкі, Угла ўключаны ў так званы "стоп-ліст" і самому шведу пра гэта было вядома. "Чалавек прыехаў папіярыцца, ведаючы, што ён тут непажаданая персона. Ён не заўзятар, хакей не любіць, краіну ненавідзіць, жорстка абыходзіцца з мяккімі цацкамі", — перадае БелаПАН словы Цішчанкі. Нагадаем, што ўвосень 2012 года Оstgruppen збірала ў Швецыі плюшавых мядзведзікаў, каб па пошце адправіць іх беларускім чыноўнікам, уключаным ў чорны спіс ЕС.
Фота — ostgruppen.se