Памёр муж беларускі, якая пацярпела падчас землятрусу ў Турцыі
Сям'я Акпінар / @zerkalo_io
Сёння раніцай памёр муж Аляксандры Акпінар — беларускі, якая пацярпела падчас землетрусу ў Турцыі. Гэта стала вядома рэсурсу "Зеркало".
Напярэдадні родныя ў Беларусі змаглі высветліць, што Кемаль і Аляксандра Акпінар знаходзяцца ў бальніцы. Было вядома, што ў Кемаля зламаная нага, пра стан Аляксандры інфармацыі не было. Нічога невядома пакуль і пра лёс іх маленькага сына Алі. Сям'я жыла ў горадзе Хатай — гэта адзін з самых пацярпелых ад землятрусу раёнаў.
Першае землетрасенне, магнітудай 7,8, адбылося на паўднёвым усходзе Турцыі ў ноч на панядзелак. Праз некалькі гадзін адбыўся новы падземны штуршок магнітудай 7,5. Ад землятрусаў пацярпеў таксама паўночны захад Сірыі. Разбураліся шматпавярхоўкі, пад абломкамі апынулася мноства людзей, разборы завалаў працягваюцца да гэтага часу. ВВС раніцай паведамляла, што колькасць загінулых набліжаецца да 8 тысяч. У Турцыі афіцыйна пацверджана гібель 5894 чалавек, у Сірыі — 1932.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.