Паралімпійская чэмпіёнка Святлана Сахоненка чакае дзіця
Фота Еўрарадыё
Трохразовая чэмпіёнка зімовых Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане, лыжніца Святлана Сахоненка хутка стане мамай. Яе першынец павінен нарадзіцца ў сакавіку.
Еўрарадыё датэлефанавалася да спартсменкі. Яна такая шчаслівая!
"Пакуль яшчэ не вырашылі, як назавём, складана з гэтым, — распавядае лыжніца. — Планую нарадзіць, у дэкрэт да трох гадоў, вядома ж, не збіраюся. А ў траўні — пачатак падрыхтоўкі да наступнага сезона".
У адным з інтэрв'ю Святлана прызнавалася, што даўно марыць пра сям'ю і дзіця. Летам 2018 года здзейснілася першая частка мары: яна выйшла замуж. І вось — зноў добрыя навіны!
Святлана Сахоненка першай з беларусаў заваявала залаты медаль Паралімпіяды-2018. Яна перамагла ў лыжнай гонцы на 15 км вольным стылем сярод атлетаў з дрэнным зрокам. Лыжныя гонкі прынеслі спартсменцы яшчэ два залатыя медалі, а ў біятлоне (6 км) яна заваявала бронзу.
Зімовыя гульні ў Пхёнчхане сталі для беларускіх паралімпійцаў удалымі: яны прывезлі з Паўднёвай Карэі 12 медалёў і занялі восьмае месца ў агульным заліку Паралімпіяды.
Больш навінаў за 26 снежня ў праграме «Петарда»